Колькі гадоў Сынковіцкаму храму?
Да сённяшніх дзён так і не вызначаны год, калі была пабудавана Сынковіцкая царква абароннага тыпу. Яна знаходзіцца на мяжы Слонімскага і Зэльвенскага раёнаў і прыцягвае турыстаў з усяго свету.
Па версіі выкладчыка Менскай духоўнай акадэміі Генадзя Лаўрэцкага, а з ім пагаджаецца і настаяцель храма Арсень Ананка, магчыма год заснавання помніка адлюстраваны на паўднёвай сцяне храма на роўні машыкулі. З перапаленай цэглы там выкладзены надпіс: “Т.I I”. У адпаведнасці з літарнымі абазначэннямі лічбаў гэты надпіс можна трактаваць так: “300. 10+10”, гэта значыць – 1320.
1320 год вядомы ў гісторыі Вялікага княства Літоўскага. У летапісах занатавана, што менавіта ў гэтым годзе Гедымін раздаў сваім сынам землі. Слонім, у прыватнасці, дастаўся Монцівіду Гедымінавічу. Магчыма, у Сынковічах і была яго рэзідэнцыя… З гэтага ўсяго вынікае, што сёлета славутаму Сынковіцкаму храму спаўняецца 700 гадоў.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльвенскі раён
Фота аўтара