Конкурс дэбютных рукапісаў „Неба з сабою”



Аўтары і аўтаркі, якія не маюць кніг на беларускай мове, могуць даслаць рукапісы на конкурс да 9 жніўня. Узрост дэбютантаў неабмежаваны. Падрыхтоўку макетаў найлепшых кніг падтрымае кампанія “5 элемент”.

Беларускі ПЭН-цэнтр у межах Вандроўнага Фэсту Уладзіміра Караткевіча і пры падтрымцы кампаніі “5 элемент” зладзіць серыю майстар-класаў “Неба з сабою”, якая дасць магчымасць аўтарам падрыхтаваць першую кнігу творчасці на беларускай мове. Адбор для ўдзелу ў майстар-класах адбудзецца на конкурснай аснове.

Да ўдзелу запрашаюцца аўтары ды аўтаркі, якія ніколі не выдавалі ўласных кніг на беларускай мове ў электронным або папяровым фармаце. Літаратурнае журы адбярэ некалькі рукапісаў і прапануе працу над імі ў межах тыднёвай сесіі майстар-класаў. У залежнасці ад краіны пражывання ўдзельнікаў ды эпідэміялагічнай сітуацыі ў свеце заняткі будуць спалучаць вочную і дыстанцыйную формы правядзення. Вынікам майстар-класаў зробяцца макеты дэбютных кніг.

У журы конкурса ўваходзяць пісьменнік і публіцыст Сяргей Дубавец, паэтка Наста Кудасава, паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, паэтка і перакладчыца Вальжына Морт, празаік і старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч.

Удзел у конкурсе бясплатны. Арганізатары конкурсу таксама будуць шукаць магчымасць падтрымаць стварэнне макетаў (рэдактура, карэктура, вёрстка і вокладка) дэбютных кніг і пракансультуюць аўтараў ды аўтарак наконт магчымасцяў выдання.

З падрабязнымі ўмовамі конкурса можна азнаёміцца на сайце Вандроўнага фэста Караткевіча.

Паводле прэс-рэлізу