Конкурсная песня NaviBand прагучала ў Еўравёсцы



Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук увечары 8 траўня выступілі перад паклоннікамі музычнага конкурсу „Еўрабачанне”, жыхарамі Кіева і гасцямі ўкраінскай сталіцы, якія сабраліся ў Еўравёсцы.

Беларусы выканалі песню са свайго рэпертуару „Бяжы” і конкурсную „Гісторыю майго жыцця”. Першую кампазіцыю музыкантаў слухалі ўважліва, а другую падхапілі. Пасля выступлення артысты паразмаўлялі са слухачамі, якія выказалі падтрымку.

У Кіеве гэтымі днямі шмат паклоннікаў конкурсу „Еўрабачанне” і групы NaviBand з Беларусі. Падтрымаць музыкантаў напярэдадні вечарам прыйшоў і Саша Мінёнак – прадстаўнік краіны на дзіцячым конкурсе „Еўрабачанне-2016”.

Еўравёска размясцілася на цэнтральнай вуліцы Кіева Крэшчаціку. Гэта самая вялікая фан-зона ў гісторыі „Еўрабачання”. Рух у дні правядзення конкурсу ў гэтай частцы Крэшчаціка толькі пешаходны. Уваход у Еўравёску свабодны з 12.00 да 22.00, у дні правядзення паўфіналаў і фіналу – да заканчэння шоу. Тут праходзяць выступленні ўкраінскіх музыкантаў і замежных артыстаў, тут жа будзе магчымасць убачыць трансляцыю конкурсных канцэртаў на вялікім экране.

belta.by