Копія мапы ВКЛ перададзена ў дар НББ ад Каралеўскай бібліятэкі Нідэрляндаў



Фонд Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі папоўніўся факсімільнай копіяй мапы Magni Ducatus Lithuanie, et Regionum Adiacentium exacta Descriptio (1648), атрыманай у дар ад Каралеўскай нацыянальнай бібліятэкі Нідэрляндаў.

Назва мапы ў перакладзе з лацінскай мовы – „Вялікае Княства Літоўскае і прылеглыя рэгіёны з іх дакладным апісаннем”. Гэта адна з позніх версій знакамітай Радзівілаўскай карты, аўтарамі якой з’яўляюцца Томаш Макоўскі (1575 – каля 1630), друкар, мастак і гравёр пры двары князя Радзівіла ў Нясвіжы, а таксама Гесэль Герытс (1581-1632) – галяндскі гравёр і картограф амстэрдамскага выдавецкага дома Блау.

Створаная па заказе князя Мікалая Хрыстафора Радзівіла па мянушцы Сіротка (1549-1616), мапа ўпершыню была апублікавана ў Амстэрдаме ў 1613 годзе вядомым выдаўцом Вілемам Янсзонам Блау (1571-1638). Картуш, які ўпрыгожвае верх карты 1648 года, змяшчае практычна тую ж інфармацыю, што была адлюстравана ў першым выданні 1613 года, дапоўненую толькі імем свайго выдаўца. Ім стаў картограф і выдавец Іаган Блау (Johannes Blaeu, 1596-1673), які ўзначаліў выдавецкі дом пасля смерці бацькі, Вілема Блау, і быў афіцыйным картографам Галяндскай Ост-Індскай кампаніі.

belta.by