«Коцікатэрапія» пад бел-чырвона-белымі сцягамі
Наваполацкая мастачка Вольга Якубоўская, якая шмат гадоў ілюструе кнігі для дзяцей, стварае незвычайныя малюнкі, прысвечаныя апошнім падзеям у Беларусі. І самае незвычайнае ў малюнках – гэта героі, адважныя белыя кацяняты, якія трымаюць нацыянальныя сцягі або кветкі і супрацьстаяць злосным ваўкам з міліцэйскімі дубінкамі.
Паводле Вольгі Якубоўскай, «коцікатэрапія» ратавала яе ў самыя цяжкія моманты жыцця. І пасля праяў міліцэйскага гвалту ў першыя дні пасля выбараў менавіта стварэнне сюжэтаў з гераічнымі кацянятамі дапамагло ёй справіцца з адчаем і роспаччу. На самы першы малюнак пад назовам «Я гуляю» яе натхніла нязломная Ніна Багінская. І Вольга Якубоўская падарыла свой твор гэтай вядомай змагарцы. А потым прыйшло разуменне таго, што сапраўдныя героі сёння на кожным кроку, кажа мастачка:
– Гэтая фраза «беларусы – коцікі» ў інтэрнэце стала практычна мемам. І аказалася, што герояў у нас з кожным днём усё больш, і сюжэтаў навокал, у мяне ў галаве штодня некалькі круціцца. І я вырашыла: так, я ілюстратар. А раз я ілюстратар, значыць, я ілюструю. А кніга – вось яна, адчыненая, кніга жыцця нашага цяперашняга! І атрымліваецца, што я ілюструю жыццё.
Вольга Якубоўская малюе акрылавымі фарбамі, а потым паказвае малюнкі на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. Яны збіраюць сотні «лайкаў» і ўдзячных каментароў. А таксама людзі пытаюцца, ці можна набыць такі малюнак або ці не плануе мастачка выдаць серыю паштовак з пазнавальнымі героямі. Вольга Якубоўская адказвае, што ніколі не займалася выпускам сувенірнай прадукцыі, але дапамагчы ёй паабяцала дачка. І калі ўсё атрымаецца, то частку грошай яна абавязкова пералічыць пацярпелым ад гвалту і несправядлівасці.
Цалкам гутарку з мастачкай Вольгай Якубоўскай слухайце ў далучаным файле.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя