Кожны дзень. Мастацтва. Салідарнасць. Супраціў



25 сакавіка, у Дзень Волі ў Беларусі, у кіеўскім „Мастацкім арсенале” адкрыецца маштабная выстава сучаснага беларускага мастацтва.

„Кожны дзень” – гэта лозунг, які скандуюць пратэстоўцы ў Беларусі з пачатку жніўня 2020 года, падкрэсліваючы працягласць і рытм супраціву, захоўваючы ўпэўненасць, што пратэст будзе працягвацца заўтра і не скончыцца.

Выставачны праект, які разгорнецца на 4000 квадратных метрах „Мастацкага арсеналу”, раскажа наведвальнікам гісторыю пратэсту і феномен салідарнасці ў Беларусі. У экспазіцыі свае работы прадставяць амаль паўсотні беларускіх мастакоў.

„Выстава беларускага сучаснага мастацтва сёння, у гэты гістарычны момант, – гэта не толькі эстэтычны досвед, хоць гэта, безумоўна, перш за ўсё. Гэта таксама інтэлектуальнае паглыбленне ў справы палітычнай рэальнасці Беларусі і важны жэст падтрымкі беларускай культурнай сцэны „, – сказала Алеся Астроўска-Люта, дырэктарка „Мастацкага арсеналу”.

Выстава „Кожны дзень” рэалізаваная пры падтрымцы Міжнароднага фонду „Адраджэнне”.

Паводле прэс-рэлізу