Краіна шырока адзначыць 400-годдзе беларускага „Буквара”



Асноўныя мерапрыемствы святкавання 400-годдзя беларускага „Буквара” пройдуць у канцы жніўня і пачатку верасня, паведаміў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Суша.

„Першай у свеце кнізе пад назвай „Буквар” сёння спаўняецца 400 гадоў. У гэты самы дзень у 1618 годзе ўбачыў свет „Буквар славянскай мовы”, і што важна, да яго з’яўлення мелі адносіны нашы продкі. Яго склалі манахі і выкладчыкі Віленскага праваслаўнага манастыра Святога Духа, а надрукаваны ён быў у гарадку Еўе пад Вільна, у адным з самых старадаўніх і ўплывовых беларускіх выдавецтваў у Вялікім Княстве Літоўскім, дзе выходзіла нямала кніг на царкоўнаславянскай, старабеларускай і польскай мовах”, – адзначыў Аляксандр Суша.

Мерапрыемствы па святкаванні 400-годдзя „Буквара” ідуць ужо з пачатку года. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыліся выстаўкі, якія прадэманстравалі 400-гадовую гісторыю буквароў, а таксама расказалі пра буквары народаў свету.

Шырокае святкаванне 400-годдзя беларускага „Буквара” запланавана на канец жніўня і пачатак верасня. У прыватнасці, арганізуюць прэзентацыю факсімільнага выдання першага беларускага „Буквара”. Гэта сумесны праект з бібліятэкай Мідл Тэмпл у Лондане і з пасольствам Беларусі ў Вялікабрытаніі. Рыхтуецца пераклад „Буквара” на сучасную беларускую мову і пераклад даследавання, прысвечанага першаму буквару. Усе гэтыя выданні будуць прэзентаваны да Дня ведаў і ў Дзень беларускага пісьменства.

Акрамя таго, у календары святочных мерапрыемстваў – круглыя сталы ў Вільні, Лондане, Капенгагене. У планах таксама мерапрыемствы ў Маскве і іншых гарадах Еўрапейскага кантынента.

Як расказаў Аляксандр Суша, у свеце захаваліся толькі два экзэмпляры першага „Буквара”. Адзін з іх, няпоўны, знаходзіцца ў Даніі, у Каралеўскай бібліятэцы. Другі, поўны экзэмпляр – у Вялікабрытаніі, у бібліятэцы Мідл Тэмпл, якая знаходзіцца ў гістарычным раёне Лондана, дзе некалі мелі сваю рэзідэнцыю знакамітыя рыцары-тампліеры.

Сёння невядома дакладна, хто быў ініцыятарам і стваральнікам „Буквара”. Найбольш верагоднымі аўтарамі або складальнікамі кнігі з’яўляюцца вядомыя праваслаўныя дзеячы Мялецій Сматрыцкі і Лявонцій Карповіч. Фінансавую падтрымку выданню аказаў князь Багдан Агінскі. „Такім чынам, нам ёсць чым ганарыцца – першы ў свеце „Буквар” прыдумалі нашы продкі. А сёння з „Буквара” пачынаецца дарога ў свет ведаў дзетак не толькі ў Беларусі, але і ў многіх краінах свету, а назва „Буквар” увайшла ў сучасныя беларускую, рускую, украінскую, балгарскую, баснійскую мовы, а таксама ў абхазскую, аварскую, адыгейскую, алеуцкую, балкарскую, гагаузскую, цыганскую, чувашскую, чукоцкую, эвенкійскую і іншыя мовы”, – сказаў на заканчэнне Аляксандр Суша.

belta.by