„Кракаўскія калядныя батлейкі” – у Берасці



13 снежня а 16-й гадзіне ў Музеі «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці»— філіяле УК “Брэсцкі абласны краязнаўчы музей” адбудзецца ўрачыстае адкрыццё адной з найбольш наведвальных экспазіцый у Польшчы – выставы  “Кракаўскія калядныя батлейкі”. Выстава падрыхтавана Гістарычным музеем горада Кракава, Генеральным консульствам Рэспублікі Польшча ў Берасці і Польскім Інстытутам у Менску.

Кракаўскія батлейкі (ад польскага – Betleem — назва г. Віфлеема)  – гэта багата аздобленыя сцэны Божага Нараджэння з архітэктурнай спасылкай на адметнасці Кракава. Стылёвая разнастайнасць кракаўскіх касцёлаў стала для стваральнікаў батлейкі крыніцай натхнення. Гэта форма батлейкі сфармавалася ў XIX ст., распаўсюдзілася ў XX ст. і культывуецца дагэтуль, з’яўляючыся правобразам сучасных батлеек.

Гістарычны музей Кракава з 1946 года ладзіць штогадовыя конкурсы і выставы батлеек, якія вылучаюцца надзвычайнай рэлігійнай, мастацкай, патрыятычнай і гістарычнай каштоўнасцю. Сёння кракаўскімі батлейкамі прафесійна займаецца каля 40 мастакоў. Кожны з іх мае сваю ўласную тэхніку. Да рэкардсменаў належыць 79-гадовы Мацей Мошэў, які ўжо цягам 58 гадоў удзельнічае ў конкурсе кракаўскіх батлеек і 34 разы здабываў у ім найвышэйшыя ўзнагароды.

Рэгламент на роўных правах дапускае да ўдзелу ў конкурсе працы прафесіяналаў (архітэктараў, мастакоў) і мастакоў-аматараў. На дадзенай выставе прадстаўлены батлейкі з фондаў Гістарычнага музея горада Кракава, якія атрымлівалі найвышэйшыя адзнакі і ўзнагароды. Адметнасцю кракаўскіх батлеек з’яўляюцца сцэны з персанажамі гістарычнымі (каралямі, нацыянальнымі героямі, заслужанымі і вялікімі палякамі) і легендарнымі (напр., Трубачом, панам Твардоўскім). Некаторыя батлейкі маюць сучасныя і складаныя механізмы, а таксама ўбудаваныя музычныя рашэнні, з якіх гучаць кракаўскія мелодыі або найбольш папулярныя калядкі.

Вясной мінулага года Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча і Гістарычны музей горада Кракава падалі заяву аб унясенні кракаўскай батлейкі ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. Гэта была першая польская заяўка на ўнясенне ў гэты прэстыжны спіс, які на дадзены момант складаецца з больш, чым 300 пазіцый. Сярод іх ёсць ёга з Індыі, румба з Кубы, партугальскія спевы фада, Кітайская каліграфія і міжземнаморская дыета. На мінулым тыдні, на 13 сесіі Міжурадавага Камітэта па Ахове Нематэрыяльнай Культурнай Спадчыны ЮНЕСКА было зацверджана рашэнне аб унясенні кракаўскіх батлеек ў спіс.

Напярэдадні зімовых святаў музей запрашае дзяцей і дарослых здзейсніць падарожжа ў дзівосны свет гісторыі кракаўскіх батлеек. Наведвальнікаў чакае святочны настрой ад набліжэння непаўторнага часу, атмасфера цеплыні і радасці ад знаёмства з прыгожым.

Выстава будзе працаваць да 13 студзеня 2019 года.

Адкрыццё выставы “Кракаўскія калядныя батлейкі”.

Калі:  13 снежня (чацвер) 2018 года а 16-й гадзіне.

Дзе: Музей «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці» (Берасце, вул. Леніна, 39).

Уваход вольны.

Паводле прэс-рэлізу.