„Крамбамбуля” прадставіла апошні альбом



Легендарны гурт „Крамбамбуля” на чале з Лявонам Вольскім прадстаўляе на „Першаку” свой развітальны альбом „Чырвоны штраль”, пасля якога поўным складам плануе сысці ў лясы і заняцца партызанскай дзейнасцю. Прайшла эпоха, калі мы трывала трывалі, калі здавалася, што ўсё разруліцца само сабой. Надышоў час раздрукоўваць падрабязныя мапы, назапашваць кансерваваны хлеб і праграваць зямлянкі.

Партызанскі маніфэст „Крамбамбулі”:

„Вось і зьдзейсьнілася. Мы ў лясах. У гушчарах, сатканых імглою. Сярод бярозаў ды соснаў. Бо ўжо ніяк не атрымліваецца трываць усіх гэтых прэдсядацеляў, міліцыянтаў, капітанаў Ягоравых і іншых савецкіх нячысьцікаў, якія, нібы тараканы, распаўзьліся па нашай зямлі, жаруць наш хлеб, п’юць нашае малако і хочуць, каб мы былі іхнімі служкамі. Дык вось не атрымаецца! Мы ведаем нашыя пушчы, бары і лясы. Адсюль мы дастанем кожнага акупанта. І кожны атрымае тое, чаго заслугоўвае. І нашая перамога непазьбежная, бо з намі старадаўні покліч „Гэй, ліцьвіны, Бог нам радзіць!”, бо ня мы ўварваліся ў іхнія хаты, а яны ў нашыя. Мы не хацелі гвалту. Яны яго хочуць. Каб мы калі каму чаго, дык мы ніколі нічога ніякага. А калі што якое?.. Ды што там якое!”