«Крамбамбуля» ўводзіць свае ордэны і медалі



Гурт «Крамбамбуля» прадставіў здымкі ўзнагарод, якія можна будзе атрымаць ад музыкаў 21 снежня ў Prime Hall падчас святочнага канцэрта «Партызаны каляднага лесу». Намінаваць сябе ці блізкага чалавека на ордэн ці медаль можа кожны беларус.

Агулам прадстаўлена пяць узнагарод: «Ордэн Зялёнага дуба», «Ордэн Дзеда Талаша», «Ордэн Міколкі Паравоза», медаль «За Калядны настрой», медаль «За нашу і вашу свабоду». З 2015 года «Крамбамбуля» жыве ў лесе. Натуральна, што там бракуе жалеза, таму ўзнагароды выраблены з дрэва.

Ідэя ў тым, каб узнагародзіць людзей па выніках года за нейкія простыя чалавечыя дасягненні на асабістым, сямейным ці працоўным узроўні. За тое, пра што не напішуць у СМІ, – каментуе камандзір атраду Лявон Вольскі, які таксама з’яўляецца дызайнерам узнагарод.

Каб намінаваць сябе ці каго іншага на ўзнагароду «Крамбамбулі», дастаткова апублікаваць партрэтнае фота кандыдата ў сацсетках (Facebook, VK, Instagram, Twitter) і разам з ім пераканаўчую гісторыю дасягненняў у гэтым годзе, абавязкова дадаўшы хэштэг #krambambula2112, каб можна было адсачыць і сабраць усіх намінантаў.

Апошні дзень высоўвання кандыдатаў – 17 снежня. Пяць пераможцаў вызначаць удзельнікі гурта. Кожны атрымае па два запрашэнні на канцэрт і будзе ўрачыста ўганараваны першымі ардэнамі і медалямі ад гурта «Крамбамбуля» на сцэне.

21 снежня ў межах праграмы «Партызаны каляднага лесу» гледачоў чакаюць лепшыя песні «Крамбамбулі», канцэптуальнае сцэнічнае шоe і кілатоны навагодняга настрою. Квіткі можна набыць на сайце і ў касах Kvitki.by, а таксама на сайце Primehall.by і ў касах клуба. Кошт квіткоў: танцпляц – 40 руб., сядзячыя – ад 42 руб. Ёсць варыянты для групавых замоваў. Інфалінія: +375 (33) 661-14-32.

Беларускае Радыё Рацыя