Красавіцкі нумар “Слонімскага краю”



У сеціве з’явіўся красавіцкі нумар электроннай гісторыка-краязнаўчай газеты “Слонімскі край”, які выдаюць Сяргей Ёрш і Сяргей Чыгрын.

Свежы нумар багаты на новыя цікавыя матэрыялы, звязаныя з гісторыяй Слонімскай зямлі. Ён адкрываецца артыкулам “Падарожжа па Слонімшчыне восенню 1909 года”, у якім распавядаецца пра падарожжа вікарыя Гарадзенскай епархіі мітрапаліта Уладзіміра ў Сынковічы.

Даведаюцца чытачы і пра гісторыю слонімскай пошты, пра слонімскіх фатографаў пачатку ХХ стагоддзя, пра Слонім на лонданскіх мапах канца XVIII стагоддзя, пра здарэнне з пасольствам Свяшчэннай Рымскай імперыі каля Слоніма ў 1699 годзе, пра слонімскія выданні пачатку ХХ стагоддзя ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы.

Сяргей Ёрш пагартаў газету НКУС БССР “На варце Кастрычніка” 1939-1941 гадоў і пашукаў, што яна пісала пра Слонімшчыну, расказаў ён таксама пра слонімскага гандляра Якуба Якубовіча, які жыў у канцы XVI стагоддзя. А Сяргей Чыгрын напісаў пра лёс святара і настаўніка Іосіфа Ракевіча, пра дакументы са старога гарышча.

Змешчаны ў “Слонімскім краі” і шэраг іншых каштоўных матэрыялаў па гісторыі слонімскай зямлі. Поўнасцю красавіцкі нумар чытайце тут.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя