Краязнаўчы квартальнік “Слонімскі край”
“Слонімскі край” – так называецца першы нумар краязнаўчага квартальніка Слонімшчыны. Электронны варыянт з’явіўся на сайце і з ім могуць пазнаёміцца чытачы: http://geron-1987.blogspot.com.by
Папяровы варыянт будзе надрукаваны ў бліжэйшы час. Выданне выйшла, дзякуючы гісторыкам і краязнаўцам Слонімшчыны: Васілю Герасімчыку, Сяргею Яршу і Сяргею Чыгрыну.
Дарэчы, яшчэ ў 2000 годзе былі выдадзены два нумары краязнаўчага квартальніка “Слонімскі край”. На жаль, ён тады спыніў свой выхад і ўжо не аднавіўся. Сённяшняе выданне — зусім новае. Бо пакуль выдаўцы не маюць магчымасці рабіць часопіс, таму выдаюць бюлетэнь.
Па словах Васіля Герасімчыка, “Слонімскі край” з’явіўся не на пустым месцы. “Перад намі працавалі такія краязнаўцы, як Язэп Стаброўскі, Гальяш Ляўковіч, Годэль Гольдберг, Віктар Клімкевіч, Сяргей Новік, Васіль Супрун, Міхаіл Рылко ды шмат іншых. Іх напрацоўкі, планы, ідэі будуць намі ўлічвацца, развівацца. Спадзяемся, гэтая повязь, пераемнасць захаваецца і ў будучыні”, – сказаў Васіль Герасімчык.
Першы нумар “Слонімскага краю” выйшаў тэматычны. Ён прысвечаны слонімскім падзямеллям і скарбам.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя.