Краязнаўчыя чытанні адбыліся ў Карэлічах
У Карэлічах адбыліся XIV Карэліцкія краязнаўчыя чытанні, арганізаваныя Інстытутам гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі і Карэліцкім райвыканкамам.

Перад пачаткам чытанняў адбылася прэзентацыя зборніка навуковых артыкулаў “Карэлічы і Карэліцкі раён: рэгіянальныя асаблівасці развіцця X-XX стагоддзяў. Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі”, у якой надрукавана шмат матэрыялаў па археалогіі, гісторыі і культуры Карэліцкага раёна.
Падчас Карэліцкіх краязнаўчых чытанняў, слухачы даведаліся шмат цікавага па гісторыі Карэліцкага раёна. Выступоўцы распавядалі пра Карэліцкую мануфактуру, мясцовыя габелены, прыходы ў Вялікіх і Малых Жухавічах, пра князя Дамініка Гераніма Радзівіла і графа Ваўжынца Путкамера, пра гісторыю школы ў Карэлічах і іншыя.

Гучалі і даклады падчас мерапрыемства, прысвечаныя жыццю і творчасці пісьменнікаў-землякоў Янкі Брыля, Міколы Бусько, Іцхака Кацэнэльсана.
Да Карэліцкіх краязнаўчых чытанняў была арганізавана кніжная выстава “Карэліччына: любы мой край” і выстава вырабаў з мясцовага дома рамёстваў.


Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: polymia.by
