Крэва запрашае на археалагічны летнік
Жыццё ў намётах, супольны час і галоўнае – археалагічныя раскопкі. Мясцовы дабрачынны фонд “Крэўскі замак” запрашае на чарговы археалагічны летнік у Крэва, які сёлета пройдзе 4-18 ліпеня.
Як стаць валанцёрам і ці трэба для гэтага мець прафесійныя навыкі археолага, пра гэта ды іншае размаўляем з арганізатарскай летніка, даследчыцай Вольгай Сямашка.
РР: Археалагічны летнік у Крэве – гэта забава, ці ўсё ж сур’ёзная навуковая дзейнасць?
– Найперш гэта навуковая дзейнасць па даследаванні спадчыны Крэва, таго, што для нас засталося праз стагоддзі. Але мы прадумалі і культурніцкую праграму, каб пасля працы людзі маглі адпачыць, дазнацца нешта пра беларускую культуру, паразумецца з сябрамі.
РР: Кожныя археалагічныя раскопкі патрабуюць навуковага кіраўніка. Хто будзе кіраваць працамі ў Крэве?
– Мы працягнем наша цудоўнае супрацоўніцтва з археолагам Алегам Дзярновічам, які будзе кіраваць раскопамі, паказваць і дапамагаць людзям знаёміцца з працай археолага.
РР: З досведу мінулагодняга археалагічнага летніка чым можаце пахваліцца, што ўдалося знайсці?
– Знаходак вельмі шмат. Мы ўжо амаль гатовы выпусціць першы нумар нашага альманаху “KREVA INСOGNITA”, дзе апішам усе знаходкі мінулага года. Сярод іх – знаходкі, якія пацвярджаюць ранне ўрбаністычнае паходжанне Крэва. Напрыклад, гэта матрыца для ўпрыгожванняў, шматлікія прылады, якія кажуць пра тое, што Крэва – гэта быў развіты горад, які займаўся гандлем, тут жылі рамеснікі. З гарадзішча пасля пайшло і само Крэва, якое пачало развівацца вакол замка.
РР: Дзе цяпер гэтыя знаходкі?
– Яны знаходзяцца на захаванні ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук Беларусі, але пасля з’яўлення ў Крэва сталай экспазіцыі, гэта ўсё будзе перададзена ў музей у Крэва на сталае знаходжанне.
РР: Вы ўжо згадалі пра падрыхтоўку крэўскага альманаху, некалькі словаў пра яго…
– Грошы на выданне мы збіралі праз Talaka.by. Дапамагло нам шмат спонсараў, валанцёры дапамаглі, за што ім дзякуй. Валанцёры – гэта галоўная нашая знаходка, гэта людзі якія становяцца добрымі сябрамі фонду. У альманаху будзе падзяка ўсім тым, хто дапамагаў. Там будуць артыкулы ўсіх нашых сяброў праўлення фонду, бо кожны вядзе сваю галіну даследаванняў і хоча гэтым падзяліцца. Там будзе інфармацыя і пра палявыя знаходкі, і фотаздымкі, і пра сам Крэўскі замак, дзе цяпер ідзе вельмі вялікая праца з фрэскамі. Калі ўсё атрымаецца, то мае паўстаць вялікая перасоўная выстава, якая будзе прэзентаваць фрэскі Крэўскага замка. Працы шмат і мы хочам гэтым падзяліцца. Шчыльна працуем з выдавецтвам. Спадзяёмся, праз 2-3 тыдні будзе вялікая прэзентацыя альманаха ў Менску.
РР: То яшчэ да спраў летніка. Як можна стаць валанцёрам летніка?
– У нас на сайце kreuskizamak.by ёсць спасылка на запаўненне анкеты валанцёра. Ёсць суполкі ў сацыяльных сетках, людзі ўжо запісваюцца, ужо ёсць спіс.
РР: А якія ёсць патрабаванні?
– Патрабаванне можа быць толькі адно: мець для сябе намёт, бо фармат пражывання – гэта намётавы гарадок. На гэты год ёсць падтрымка, таму валанцёры будуць забяспечаны харчаваннем. Яшчэ патрабаванне – гэта пражыванне супольным летнікам, то бок падтрыманне вогнішча, дзяжурствы па прыгатаванні ежы і гэтак далей. Такія прыемныя дробязі, без якіх не абыдзецца ніводзін летнік.
РР: То бок прафесійнага досведу ў раскопках не абавязкова мець?
– Як паказвае практыка, капаць – гэта генетычная памяць беларусаў. Усе адразу пачынаюць капаць, як прафесійныя археолагі.
Цалкам гутарка з Вольгай Сямашка – у далучаным гукавым файле.
Гутарыла Яна Запольская. Беларускае Радыё Рацыя