“Крыгаход” у гарадзенскай “Крызе”



У гарадзенскай арт-галерэі “Крыга” адбылося адкрыццё выставы Анатоля Скамарошчанкі “Крыгаход”. Майстар сімвалізму паказваў свае працы, робячы нібы невялічкую экскурсію па выставе: тут выявы прыгожых дзяўчат, тут дзіўныя рыбы, гэта краты, а гэта сумны аўтапартрэт мастака. Павіншаваць з адкрыцём выставы прыйшлі вучні мастака, яго калегі з Саюза мастакоў і шмат гарадзенцаў, што цікавяцца мастацтвам.

Пра тое, у чым сімвалізм гэтай выставы, Анатоль Скамарошчанка падзяліўся са слухачамі Беларускага Радыё Рацыя:

– Па-першае, крыгаход – гэта сімвал вясны. І кожная асобная праца – гэта крыга, а ўсе разам яны ствараюць крыгаход. Можна нават сказаць, што гэта я.

Андрэй Радзівонаў:

– Свежыя карціны, выдатны настрой. Тое, што малюе Анатоль, спалучаецца з музыкай. Гэта кампактна, цудоўна.

Паліна – адна з наведніц выставы:

– Мне падабаецца ў творчасці Анатоля тое, што яго працы не падобны да прац іншых, яны не паўтараюцца. Чалавек мае свой уласны стыль, таму працы атрымліваюцца цікавыя, колеры незвычайныя. Ёсць гармонія ў яго працах – гэта галоўнае.

Пабачыць працы Анатоля Скамарошчанкі ў самым цэнтры Гародні можна цягам двух бліжэйшых тыдняў.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня