“Крылы халопа” прэзентавалі Brest Stories Guide
Тэатр “Крылы халопа” прэзентаваў аўдыёспектакль па трагічнай гісторыі берасцейскіх габрэяў. Спектакль інтэрактыўны, і каб паслухаць яго, берасцейцу ці госцю горада трэба спампаваць бясплатную прыладу ў Google Play. Прылада пад назвай Brest Stories Guide дае магчымасць адсачыць па віртуальнай мапе сляды габрэйскай архітэктурнай спадчыны, а таксама непасрэдна на вуліцы паслухаць разнастайны гістарычны аўдыёматэрыял, начытаны прафесійнымі акторамі.
На фота: аўтары праекта Аксана Гайко і Святлана Гайдалёнак
Рэжысёрка праекта Аксана Гайко кажа, што Brest Stories Guide – спроба разбавіць выключна гераічныя наратывы, якія сёння дамінуюць у падачы гісторыі Берасця.
– Мы хацелі паказаць гісторыі прыхаваныя, пра якія людзі магчыма не памятаюць, якія засталіся ў нашай падсвядомасці, бо гэта боль. Гэтую сцежку мы зрабілі пра боль у жыцці горада, калі палова яго жыхароў была знішчана.
Прылада ўжо даступная ў тэставым рэжыме, і аўтарам можна дапамагчы выправіць магчымыя недахопы.
Калі ў карыстальніка з’явяцца заўвагі, іх можна пакідаць на старонцы праекта ў фэйсбуку.
Праект BSG рэалізаваны пры арганізацыйнай падтрымцы праекта CHOICE (CulturalHeritage:Opportunity for Improving Civic Engagement).
Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя