Крысціна Дробыш: Падлеткі цікавяцца беларускай мовай
Якія новыя кнігі можна знайсці ў межах праекту Кніжны воз? Наколькі часта агучваюцца новыя кнігі? А ці ўлічваюцца нейкім чынам пажаданні слухачоў? Над такімі пытаннямі разважала былая Купалаўка, сузаснавальніца і голас праекту Кніжны воз Крысціна Дробыш:
— Кніжнаму возу споўнілася ўжо тры годзікі, мы высветлілі нарэшце, што мы аўдыёвыдавецтва. Прыкладна так мы вызначыліся. Мы ствараем аўдыёкнігі для дзяцей і падлеткаў на беларускай мове.
За апошні час у нас выйшла некалькі цікавых кніг. Гэта і беларускі Марк Твэн, як яго называюць – Янка Маўр, ягоныя апавяданні «Слёзы Тубі». Гэта ў тым ліку яшчэ Алег Грушэцкі „Жаўнер і вужалка“.
А таксама залатое для мяне – гэта Пітэр Пэн, усясветна вядомы твор упершыню па-беларуску. Наколькі я ведаю, існуе адзіны пераклад Уладзя Янкевіча, які ўжо пасля 2000 з’явіўся. І нарэшце ў нас зʼявілася магчымасць яго агучыць з дапамогаю беларусаў Амерыкі, якія падтрымалі праект, прафінансавалі і мы яго зрабілі. Выйшла вельмі кранальна і проста фантастычная музыка там.
І таксама выйшаў Шэрлак Холмс „Сабака Баскервіляў“, усясветна вядомая рэч, якая ніколі не друкавалася, толькі перакладзеная на беларускую і адразу ў аўдыёверсіі. Гэтымі цікавымі рэчамі мы можам парадаваць на сёння.
Аўдыёкнігі ў межах праекту Кніжны воз даступныя на інтэрнэт-старонцы https://knizhnyvoz.com. Таксама там жа можна знайсці спасылку на мабільную аплікацыю.
Беларускае Радыё Рацыя