Крысціна Дробыш пра праект аўдыёкніг „Кніжны воз”



Як ствараюцца аўдыёкнігі? Як гучаць па-беларуску аповеды пра Шэрлака Холмса, і калі беларускія дзеці пачуюць аўдыёверсію знакамітага Гары Потэра?

Крысціна Дробыш. Фота Руслан Серадзюк.

Гутарым пра гэта з „Госцем Рацыі” — Крысцінай Дробыш, заснавальніцай праекту аўдыёкніг „Кніжны воз”. Каля мікрафону Алеся Вербаловіч.

РР: Колькі наогул існуе праект „Кніжны воз”?

– Праект „Кніжны воз” афіцыйна паўстаў у верасні 2020 года. То бок нам амаль тры гады. Паўстаў, як сяброўскі праект, з таго, што хочацца нешта зрабіць для нашых дзяцей. Выйшла не толькі для нашых. За гэтыя тры гады мы не ставілі нейкіх высокіх мэтаў. Мы разумелі, што добра калі там да другога дня нараджэння мы запішам 20-ць кніг, а мы запісалі ў два разы больш. Не было такога плану, што давайце будзем пісаць-пісаць па 100, па 50. Мы проста пісалі і выйшла на тое, што цяпер у нас больш за 200 гадзін кніг прыкладна. Калі я не памыляюся, больш за 60 кніг дакладна. Мы запісалі не толькі ўласныя прадукты, то бок дамаўляліся з аўтарамі, перакладчыкамі, выдавецтвамі. Таксама сяброўскія праекты прыйшлі да нас, каб апублікаваць тое, што яны робяць. Таксама мы знайшлі тое, што рабілася яшчэ да нас, напрыклад, тое што запісваў Алег Хаменка ў свой час. Абсалютна адметны праект, было вельмі шкада, што ён неяк сышоў у нябыт, хацелася яшчэ раз нагадаць яму, што ёсць такі выдатны праект. З’явіліся музычныя праекты таксама. Цяпер мы ўжо выйшлі на тое, што ў нас з’яўляюцца кнігі, якія ніколі не былі надрукаваныя. То бок яны існуюць толькі ў электронным варыянце, чакаюць свайго часу на друк. Іх ужо можна паслухаць анлайн. У нас вельмі пашырылася аўдыторыя, не толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі. Як высветлілася, гэта не толькі дзіцячы праект, але таксама досыць шмат дарослых, якія таксама слухаюць. Гэта сталася такой казкатэрапіяй. Таму, я лічу, што няблага ідзём.

РР: Якія кнігі цяпер існуюць выключна ў аўдыёфармаце?

– Напрыклад, у нас з’явіўся „Заклінальнік аднарогаў”, гэта кніга Надзеі Ясмінскай. Першапачаткова яна была напісана па-расейску і выдавалася па-расейску. Беларускага перакладу няма ў друкаваным варыянце. Таксама ёсць аповеды пра Шэрлака Холмса, якія існуюць у беларускім перакладзе, але не ўсе яны былі выдадзеныя ў друкаваным варыянце. Таксама адна з кніг, якую мы запісалі, гэта будзе „Сабака Баскервіляў”. Я спадзяюся, што ў бліжэйшым часе мы зможам завяршыць яе постпрадакшн і выдаць. Паціху-паціху такія кнігі з’яўляюцца ў нас.

РР: Якія яшчэ ёсць навіны выдавецтва? Я хацела запытаць пра кнігу Алексіевіч.

– Алексіевіч гэта не праект „Кніжнага возу”, гэта не тое каб мой уласны праект. Я з’яўляюся голасам, рэдактаркай і рэжысёркай гэтага праекту, такім адміністратарам. Мы робім гэта разам з фондам Камунікат і Саюзам пісьменнікаў. Цяпер у нас ужо выйшла дзве кнігі з серыі „Галасы ўтопіі”, іх усяго пяць. Менавіта ў тым парадку іх трэба слухаць і чытаць. Першая – гэта „У вайны не жаночы твар”. Прычым другая кніга – гэта „апошнія сведкі”. Чым адметна, тым што гэта найноўшы пераклад. Аўтарка ў гэтым выданні дапрацавала хроніку. Яна дадала гісторыі, дадала запісы з уласных дзённікаў. То бок гэта такі перапрацаваны варыянт, дапоўнены. Ужо можна паслухаць. Мы збіраемся размеркаваць па ўсіх буйных пляцоўках. Асноўная крыніца – гэта канешне фонд Камунікат, які з’яўляецца галоўным арганізатарам гэтай справы. На іх сайце ёсць усё, таксама на YouTube-канале Камуніката ёсць серыя „Кнігі без літар”. Там не толькі Алексіевіч, але досыць вялізная бібліятэка аўдыёкніг вельмі якасна зробленых. Я спадзяюся, што да кастрычніка мы зможам выпусціць усе пяць кніг серыі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

У планах у стваральнікаў „Кніжнага возу” шмат рознага і цікавага, таму Крысціна Дробыш рае сачыць за сайтам і сацсеткамі праекту.

Беларускае Радыё Рацыя