“Крыўдзіцца быццём… недаравальна многа”
Незаўважна мінула два гады, як не стала паэта Анатоля Шушко (19.07.1954 – 08.11.2018). Ён быў і застаецца гонарам літаратурнай Піншчыны. Сваёй творчасцю аздобіў не толькі родны край – зрабіў істотны ўнёсак у беларушчыну. Як аднойчы сказаў літаратуразнаўца Валеры Грышкавец: “Шушко адзін з недаацэненых беларускіх літаратараў”.
Пра “сарамлівага палескага хлапца”, як сам называў сябе творца, Беларускае Радыё Рацыя пісала ўжо не аднойчы. Гэта перш за ўсё цікавыя ўспаміны: “Як Ніл Гілевіч у палешука іспыт прымаў” ды “Пра Шамякіна, Быкава, Крапіву, Лынькова…”. З нагоды другой гадавіны хочацца кораценька прыгадаць шлях палешука і перабраць здымкі, пеаглядзець на імгненні жыцця Анатоля Шушко.
Ён нарадзіўся ў вёсцы Сташаны Пінскага раёна. Сваімі першымі настаўнікамі лічыў маці Ганну Рыгораўну, выкладала гісторыю і геаграфію, і бацьку Івана Канстанцінавіча. Цікавасць да літаратуры прышчапіў школьны настаўнік Мікалай Сямёнавіч Купрэеў. Анатолю пашчасціла, бо ў Сташанах прайшло дзяцінства і паэта, журналіста Міколы Антаноўскага. Хлапцы сябравалі з з ранніх гадоў.
Першы апублікаваны верш Анатоля з’явіўся ў газеце “Піянер Беларусі” ў 1969 годзе. Яшчэ школьнікам друкаваўся ў часопісе “Бярозка” і газеце “Чырвоная змена”. Пачаткам сапраўднага паэтычнага мастацтва Шушко называў падборку вершаў у штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва” за 1971 год.
У тым жа годзе Анатоль паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння БДУ настаўнічаў у Ласіцкай сярэдняй школе Пінскага раёна, Поразаўскай спецшколе-інтэрнат Свіслацкага раёна. Давялося папрацаваць будаўніком на Меншчыне і Гомельшчыне. Працоўны шлях завяршыў выхавальнікам Пінскай школы-інтэрната для дзяцей-сірот ды карэспандэнтам раённых газет.
У 1981 годзе Анатоль Шушко пабываў на рэспубліканскім семінары маладых літаратараў у Доме творчасці (Каралішчы), дзе была цэлая плеяда: Анатоль Сыс, Алег Мінкін, Уладзімір Арлоў, Леанід Галубовіч, Васіль Сахарчук, Алесь Наварыч, Уладзімір Ягоўдзік і інш.
Вершы Шушко рэгулярна друкаваліся ў часопісах “Полымя”, “Беларусь”, “Маладосць”, “Нёман”, “Беларуская думка”, калектыўных паэтычных зборніках “На ладонях Припяти и Пины”, “Маладыя галасы”, “Галасы вёснаў”, альманахах “Дзень паэзіі”. Штогод наведваў літаратурнае свята “Лунінская восень”.
Пры жыцці давялося выдаць два ўласных зборніка паэзіі: “Выток і прычасце” (1994) ды “Шаны” (2012). Трэці, пасмяротны, “Сэрцу салодка, ясна, трывожна” з’явіўся летась да 65-годдзя паэта. І справа тут не ў колькасці кніг, бо можна выдаць адну і неверагодна папоўніць літаратуру, а можна напісаць дзясяткі і быць недзе ў шэрасці графаманства. Анатоль Шушко плённа папрацаваў на карысць айчыннай літаратуры. Ён, сапраўды, заняў сваё, можа сціплае, якім быў па жыцці, але ж месца ў літаратуры нацыянальнага маштабу. Таму Піншчына ганарыцца ім, бо землякі ўсведамляюць, што творы ягоныя не правінцыйная аматаршчына.
Дарэчы за зборнік вершаў “Шаны” Шушко атрымаў Дыплом II ступені Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Лепшы твор 2012 года ў галіне паэзіі”.
Паэт у сярэдзіне 1980-х гадоў, з архіву Анатоля Шушко.
21 лістапада 1998 года, адкрыццё Народнага музея Я.Янішчыц у в.Парэчча.
5-6 чэрвеня 2010 года, Міжнароднае свята паэзіі “Паэтычны трохкутнік” у Гародні. На здымку: Георгій Тамашэвіч, Віктар Стахвюк, Анатоль Шушко і Юрка Буйнюк, з архіву Алеся Паплаўскага.
Сярэдзіна 2000-х гадоў, з архіву Анатоля Шушко.
Лістапад 2014 года, Лунінец. Паэт стаў лаўрэатам берасцейскай абласной літаратурнай прэміяй імя У. А. Калесніка.
Анатоль Шушко быў сталым удзельнікам берасцейскага абласнога літаратурнага свята “Лунінецкая восень”, які ладзіцца ў Лунінцы з 2004 года. Лістапад 2015 года.
Студзень 2016 года. У Пінскай раённай бібліятэцы адбыўся творчы вечар прысвечаны 95-годдзю Івана Шамякіна. Здымак: Радыё Рацыя.
Амаль заўжды пасля літаратурных сустрэчаў з моладдзю, юнакі падыходзілі да Шушко з рознымі пытаннямі, якія часам нават не датычыліся творчасці. Цікавы суразмоўца. Здымак: Радыё Рацыя.
На творчым вечары паэтэсы Марыі Кобец, Пінск, 21 сакавіка 2016 года. Здымак: Радыё Рацыя.
Выступ на вечары калегі па творчым цэху Алены Ігнацюк. Прамовы Шушко заўжды адрозніваліся ад іных выступоўцаў неверагоднай энергетыкай, цікавым зместам і сэнсам. Пінск, 24 лютага 2017 года. Здымак: Радыё Рацыя.
Штогадовыя “Каласавіны” ў Пінкавічах у Народным літаратурна-краязнаўчым музеі Я.Коласа, 4 лістапада 2017 года. Здымак: Радыё Рацыя.
На тэрыторыі музея Якуба Коласа ў Пінкавічах, 4 лістапада 2017 года. Здымак: Радыё Рацыя.
На працягу апошняга года Шушко змагаўся з цяжкай хваробай, але не адышоў ад актыўнага грамадска-культурнага жыцця. Застаўся верны свайму дэвізу: “Хачу да апошняга напіцца словам!” Здымак: Радыё Рацыя.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя