Крыж Харобрых Пуніна-Балаховіча



Дзеля вядзення дыверсійна-выведчай дзейнасці ў нямецкіх тылах летам-восенью 1915 года ў складзе Расейскай імператарскай арміі былі створаны спецыялізаваныя конныя аддзелы. Называліся асобымі (асобнымі) атрадамі альбо партызанскімі. Было іх шмат. Так на Паўднёва-заходнім фронце ў складзе 2-й кавдывізіі дзейнічаў Асобы эскадрон, які ў верасні ўзначаліў карнэт Станіслаў Булак-Балаховіч. У лістападзе 1915 года карнэт Балаховіч, пасля перавода, камандуе 2-м эскадронам у Атрадзе асобай важнасці Глаўкома Паўночнага фронта пад камандаваннем Леаніда Мікалаевіча Пуніна. Атрад зводны, складаўся з вершнікаў з розных палкоў. 1 верасня 1916 года Леанід Пунін загінуў. Камандзірам атрада стаў паручык Грыбель. Пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 года жаўнеры адхілілі Грыбеля ад камандавання за контррэвалюцыйны ўхіл, новым камандзірам быў выбраны паручык Аляксандр Пунін, які ў сакавіку 1917 года з’ехаў на перамовы з новымі ўладамі Расейскай дзяржавы ў Петраград. Летам 1917 года Булак-Балаховіч прызначаны памочнікам Іларыёна Стаўскага – часовага камандзіра Коннага атрада асобай важнасці імя атамана Леаніда Пуніна (так атрад пачаў менавацца з 25 сакавіка 1917 года). Трэба адзначыць, што ў гэты час атрад займаўся не толькі рэйдамі па нямецкіх тылах. Так карная каманда на чале з Балаховічам удзельнічала ў падаўленні бунта ў 135-й дывізіі расейскага войска. У верасні 1917 года Жаўнерскі камітэт адхіліў за контррэвалюцыйны ўхіл штабс-ротмістра Аляксандра Пуніна ад камандавання Атрадам асобай важнасці, 15 верасня Пунін здаў камандаванне ротмістру Стаўскаму. Жаўнеры не прызналі Стаўскага сваім камандзірам і выбралі начальнікам ротмістра Балаховіча.

Афіцэры Коннага атрада асобай важнасці. 1916-1917 гг. Другі справа праўдападобна Станіслаў Балаховіч.

На фотаздымках, зробленых у верасні 1917 года, Пунін і яго паплечнікі носяць знак у выглядзе светлага крыжа з медальёнам. Крыж распрацаваны, верагодна, пры камандзіры Аляксандры Пуніным у канцы лета 1917 года, але афіцыйна ўведзены не быў, бо Пуніна адхілі ад камандавання ў верасні. Крыж пакрыты белай эмаллю, медальён: у вянку Адамава галава на перакрыжаваных паходні і бябудзе.

Пуніны. Бацька і сыны. Верасень 1917 года.

5 лістапада 1917 года Станіслаў Балаховіч афіцыйна ўвёў у Атрадзе асобай важнасці імя Пуніна, якім камандаваў, нашэнне гэтага Крыжа. Як бачым, адзіным аўтарам Крыжа Харобрых Балаховіч не з’яўляўся, ён толькі ўзаконіў яго ўжыванне. 

Крыж Харобрых Пуніна-Балаховіча на шрубе мадэлі 1917 года.

Балаховіч ў Пскове. 

Праз год 5 лістапада ў атрадзе Балаховіча ў Эстоніі быў створаны Першы капітул (орган, які адказваў за эмісію, улік і распаўсюджанне ўзнагароды) Крыжа Харобрых. 5 красавіка 1920 года ў Групе Балаховіча пры Польскім войску разам з увядзеннем новых знакаў рознасці было дазволена ўжываць гэты Крыж. 29 верасня 1920 года загадам №816 Крыж Харобрых было дазволена ўжываць у Добраахвотніцкім саюзным войску Балаховіча. Другі капітул Крыжа Харобрых быў створаны 6 сакавіка 1921 года генералам Яраслаўцавым у Варшаве. Нарэшце, Трэці капітул пачаў працаваць 18 сакавіка 1931 года да дзесяцігоддзя Рыжскага падзела Беларусі. Узначальваў яго Яраслаўцаў.

Крыж мадэлі 1921/1931 года з часовым пасведчаннем.

Калі Крыж мадэлі 1917 года насіўся на шрубе, то Крыж мадэлі 1921 і 1931 года насіўся на чорнай стужцы з дзвюма залатымі паскамі.

З 1921 па 1931 год было рэалізавана каля 2200 Крыжаў. Самая масавая эмісія пачалася з 1931-га года. Замова на Крыжы капітулам была зроблена ў варшаўскай фірмы “Крупскі і Матулевіч”. Крыжы іх майстэрні адліты разам з медальёнам з срэбранага сплава, эмаль белая, медальён з чорнай эмаллю. На адваротным баку кляймо КіМ. Першая партыя Крыжаў колькасцю 5000 адзінак нумаравалася, другая партыя ў 5000 адзінак была замоўлена без нумара з больш таннага сплава. Цалкамлітыя вырабы КіМ сустракаюцца з дзвума тыпамі медальёнаў, якія адрозніваюцца выявай Адамавай галавы. Сустракаюцца таксамы Крыжы КіМ з накладным медальёнам з чорнай і нават блакітнай эмаллю. Крыжамі Балаховіча фірма КіМ таксама аздабляла партсігары ўласнай вытворчасці.

Крыж Харобрых майстэрні „Крупскі і Матулевіч”. Без нумара.

Крыжы капітул прадаваў праз пошту па 25 злотых за адзінку. Узнагароджваемы атрымліваў паведамленне, што ён прадстаўлены капітулам да Крыжа, які можа выкупіць. Крыж пасля аплаты праз банк прыходзіў па пошце ў скрыньке з часовым пасведчаннем. У Капітуле часовае пасведчанне можна было замяніць на пасведчанне з фотаздымкам.

Былыя балахоўцы, незадаволеныя продажам Крыжа тым, хто ў паходах Балаховіча не ўдзельнічаў, пачалі скардзіцца ў прэсе. Трэці капітул прыйшлося зачыніць. Польскія ўлады забаранілі нашэнне Крыжа разам з іншымі баявымі ўзнагародамі. Пасля 5 снежня 1931 года афіцыйны гандаль Крыжам быў прыпынены, нелегальна ўзнагароду пачалі прадаваць ліквідацыйныя камісіі, якіх было 6 і якія, верагодна, дзейнічалі адначасова і паралельна. Гандаль працягваўся да канца 1939 года.

На антыкварным рынку сустракаюцца таксама крыжы з срэбранага сплава з накладным медальёнам паяным ці на заклёпках. На адваротным баку кляймо варшаўскай майстэрні Зігадлевіца з нумарам ці без яго. Гэтая фірма прадавала крыжы па 10 злотых ігнаруючы Капітул. Таксама гэтая майстэрня прадавала ў 30-х гадах Зорку рыцараў смерці і Крыж з мячамі на стужцы з сімволікай пазычанай з Крыжа Харобрых.

Зорка рыцараў смерці.

Крыж з мячамі.

Акрамя агучаных вышэй фірм існавала шмат іншых, якія гандлявалі Крыжам ігнаруючы Капітул. Па існаваўшым тады ў Польскай Рэспубліцы нормам, кожны каго ўзнагароджвалі, хто атрымаў прапанову ад Капітула, мог замовіць сабе ўзнагароду ў любога ювеліра, калі раптам  кошт капітульскай узнагароды яго не задавальняў. Гэтае правіла датычылася і дзяржаўных узнагарод. Так сустракаюцца Крыжы з танных сплаваў плакіраваныя срэбрам без клейм і нумароў. Не выключана, што майстэрня КіМ таксама прадавала Крыжы па меншаму кошту амінаючы Капітул.

Партсігары, гадзіннікі з Крыжам Харобрых.

Пасля Другой сусветнай вайны ў ПНР быў наладжаны выпуск выдуманых крыжоў, падобных да Крыжа Харобрых. Вытворчасць такога кшталту вырабаў і танных копій Крыжа працягваецца ў Польшы і зараз. Выпускалі копіі Крыжа Харобрых і неіснуючыя Крыжы ў 90-х гадах і расейскія ювеліры.

Серж Кабрусёў, bka.ucoz.ru