„Крыж мужнасці” Булак-Балаховіча выкуплены!
Завяршылася краўдфандынгавая кампанія па выкупе артэфакта для Нацыянальнага гістарычнага музея. Пра гэта паведаміў у Facebook супрацоўнік установы Аляксандр Зімніцкі.
Нягледзячы на тое, што заяўленая першапачаткова сума так і не была сабраная, крыж, якім узнагароджвалі балахоўцаў у міжваенны час, быў усёадно выкуплены. Праўда, не зусім той. У часе кампаніі хлопцы адшукалі аналагічную ўзнагароду, але без дакументаў да яго і па больш нізкім кошце. Ёсць верагоднасць, што ў перспектыве будзе высветлены год вытворчасці і асоба ўласніка. А ў самы бліжэйшы час крыж зойме пачэснае месца ў музейнай калекцыі.
Фота з Facebook Рамана Крыцука
Арганізатары кампаніі — Аляксандр Зімніцкі, вядучы навуковы супрацоўнік і Раман Крыцук, старэйшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага музея, шчыра дзякуюць усім, хто да яе спрычыніўся!