«Культура сексуальных стасункаў у Вялікім Княстве Літоўскім»
Гарадзенскі гісторык Наталля Сліж – аўтарка новай кнігі «Культура сексуальных стасункаў у Вялікім Княстве Літоўскім у XVI – XVII стст». Наталля згадвае, што першай апублікаванай кнігай падобнай тэматыкі ў яе была праца, прысвечаная шлюбу. Таму наступная кніга – лагічны працяг навуковых пошукаў папярэдніх гадоў.
У кнізе чытач можа даведацца, што сэкс кожнай нацыі звязаны з нацыянальнай кухняй, культурай спажывання. Гвалт у сям’і XVI – XVII стагоддзяў Беларусі караўся жорстка, і спрэчкі мусілі развязвацца мірным шляхам. Але, як і цяпер, гэтага дасягнуць было не заўсёды магчыма. Кажа Наталля Сліж:
– Гвалт у сям’і не прымаўся і не быў нормай тагачаснага грамадства ні ў шляхецтве, ні ў мяшчанстве, ні ў сялянстве. Не лічылася добрым тонам збіццё сваіх. Пры такой сітуацыі падавалі ў суд, пабоі здымалі, аглядалі. Было нармальна, калі жанчына супраціўлялася. Прычым яна магла знайсці падтрымку ў сваякоў, магла проста з’ехаць ад мужа, які прадпрымаў супраць яе дзеянні гвалтоўнага характару. За збіццё ён нёс пакаранне, і гэта была прычына для разводу.
Кніга забяспечана вялікай колькасцю ілюстрацый і ўтрымлівае багаты апарат гістарычных крыніц. Гэта фактычна першая грунтоўная кніга ў беларускай навуцы па тэме сексуальных стасункаў нашага народа. Кніга мае амаль трыста старонак. Набыць яе можна пакуль у «Акадэмкнізе» ў Менску.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя