Культурнай сталіцай Беларусі ў 2020 годзе стане Ліда
Рэспубліканская акцыя “Культурная сталіца года” праводзіцца Міністэрствам культуры і зацікаўленымі з 2010 года.
У кожным з гарадоў, якія былі абвешчаны культурнай сталіцай, рэалізуюцца інавацыйныя праекты па прэзентацыі культурнай самабытнасці гэтых гарадоў, развіцці і папулярызацыі традыцый і дасягненняў нацыянальнай культуры, актывізацыі творчай ініцыятывы, павышэнні турыстычнай прывабнасці рэгіёнаў. Галоўная мэта – пазнаёміць жыхароў краіны з лепшымі дасягненнямі нацыянальнай культуры, прыцягнуць айчынных і замежных турыстаў у рэгіёны.
Першым статус культурнай сталіцы Беларусі ў 2010 годзе атрымаў горад Полацк. У 2011 годзе эстафету прыняў Гомель, затым Нясвіж (2012), Магілёў (2013), Гародня (2014), Берасце (2015). У 2016 годзе тытул “Культурнай сталіцы Беларусі” насіў Маладэчна, у 2017 годзе – Бабруйск, у 2018 – Наваполацк. Носьбітам ганаровага статусу 2019 года з’яўляецца Пінск.
Калегіяй Міністэрства культуры 25 красавіка 2019 года прынята рашэнне аб наданні статуса “Культурная сталіца года” ў 2020 годзе гораду Лідзе Гродзенскай вобласці.
Ліда – культурны і прамысловы цэнтр Беларусі, другі па велічыні горад у Гарадзенскай вобласці. Візітнай карткай горада з’яўляецца Лідскі замак, помнік абарончага дойлідства XIV стагоддзя.
Сферу культуры горада прадстаўляюць 7 дзяржаўных устаноў, дзейнічае 36 непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці з найменнямі “народны”, “узорны”, два маюць ганаровае званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”.
Штогод у горадзе праводзіцца звыш за 3 000 творчых мерапрыемстваў. Сярод раённых і гарадскіх святаў, фестываляў і конкурсаў добравядомымі сталі “Калядны фэст у Лідскім замку”, фестываль сярэднявечнай культуры “Меч Лідскага замка”, рэспубліканскі фестываль-конкурс дзіцячага мастацтва “ЛьВёнок”, абласны адкрыты джазава-эстрадны фестываль-конкурс “Птица”, адкрыты рэгіянальны фестываль-конкурс дзіцячай аматарскай харэаграфічнай творчасці “Хрустальный башмачок”, пленэры і конкурсы юных мастакоў “Старадаўніх муроў адраджэнне”, “Встречаем Пасху”, адкрыты рэгіянальны фестываль-конкурс дзіцячай вакальна-эстраднай творчасці “Зорны дождж”, абрадавае свята “Каля замка на Купалу”, фестываль кнігі і друку “Зоркі Лідскіх небасхілаў”.
Установамі культуры горада надаецца вялікая ўвага захаванню і папулярызацыі традыцыйнай культуры ў рамках праекта па адраджэнні беларускіх абрадаў і свят: “Гукі бацькаўшчыны”, праект “Кола часу” з дэманстрацыяй анімацыйных праграм (“Калядная зорка”, “Масленіца”, “Спеў вясны”, “Нашых святаў карагод”, “Жніўны вянок”, ”Піліпаўскія вечары”). У 2017 годзе стартаваў раённы культурна-асветніцкі праект “Беларусь – мая мова і песня” па папулярызацыі беларускай мовы і беларускай культуры, два гады працуе культурна-турыстычны праект “Замкавы гасцінец”. У 2018 годзе элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння” ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
На працягу года ў рамках акцыі ў Лідзе будуць рэалізаваны шматлікія праекты, сярод якіх музейна-асветніцкі праект “Замак Гедыміна – сведка мінуўшчыны”, маладзёжны фестываль андэграўнднага мастацтва “Нетыпічны PARADIS”, абласны фэстываль маладзёжных субкультур “Моладзевая хваля”, адкрыты фестываль-конкурс мастацкай творчасці “Арт-тэрыторыя” і іншыя значныя культурныя мерапрыемствы.
***
Месцам прапіскі культурнай сталіцы Беларусі ў 2020 годзе стане Гарадзенская зямля. Такі статус атрымае горад Ліда – адзін са старажытных гарадоў Беларусі, заснаваны ў 1323 годзе.
На тэрыторыі Ліды знаходзяцца 10 помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны. Сярод іх Касцёл Узвіжання Святога Крыжа, Архістраціга-Міхайлаўскі кафедральны сабор (былы Іосіфаўскі касцёл піяраў) і, безумоўна, знаёмы многім нават далека за межамі Беларусі Лідскі замак XIV стагоддзя – першы каменны замак Вялікага княства Літоўскага на тэрыторыі сучаснай Беларусі, дзе адбылося вяселле караля Ягайлы і княжны Соф’і Гальшанскай.
Галоўная навукова-даследчай і культурна-асветніцкая ўстанова другога па велічыні горада ў Гарадзенскай вобласці – Лідскі гісторыка-мастацкі музей. Яго фонды налічваюць звыш 45 тысяч музейных прадметаў. Да таго ж музей і замак штогод гасцінна прымаюць міжнародныя выставы з Эстоніі, Літвы, Украіны, Расіі, Індыі, Ірана, Польшы.
Звяртаючыся да мовы лічбаў, сферу культуры горада прадстаўляюць 7 дзяржаўных устаноў, дзейнічае 36 аматарскіх калектываў мастацкай творчасці з найменнямі “народны”, “узорны”, два маюць ганаровае званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”.
Шчодрая Лідская зямля не толькі на таленавітую моладзь і юнакоў, але і на цікавыя падзеі. Сапраўдным цэнтрам культурнага адпачынку гараджан з’яўляецца Палац культуры Ліды, які штогод наведваюць каля 300 тысяч чалавек. Славіцца Лідчына правядзеннем цікавых святаў, конкурсаў і фестываляў. Ёсць тут, напрыклад, свой фестываль нацыянальных культур «Сузор’е сяброў», праходзіць абрадавае свята “Каля замка на Купалу”, фестываль кнігі і друку “Зоркі Лідскіх небасхілаў”, байкерскі фестываль і рок-фестываль “Рок-навальніца”.
З 2014 года ў дзень свята горада ў партнёрстве з адкрытым акцыянерным таварыствам “Лідскае піва” вельмі гучна тут праходзіць фестываль хмеля, солада і вады “LIDBEER” – адзін з самых буйных, опэн-эйраў Беларусі, які прымае звыш 100 тысяч гасцей.