Культурніцкае жыццё Берасця сышло ў інтэрнэт



Ходзяць у тэатр, наведваюць бібліятэкі і музеі жыхары Берасцейшчыны па-ранейшаму ў анлайне. 

Пакуль невядома, калі культурніцкія ўстановы будуць гатовыя прыняць сваіх наведнікаў.

Культурніцкае жыццё Берасця перайшло ў інтэрнэт. Ужо заўтра, 18 траўня, у Берасцейскім абласным краязнаўчым музеі адбудзецца анлайн майстар-клас па тэхніцы пастэльнага жывапісу. Мерапрыемства будзе прысвечана Міжнароднаму дню музеяў і адбудзецца ў сацыяльнай сетцы Укантакце.

Прыкметна тое, што музеі гораду не спынялі сваёй дзейнасці, яны працягваюць ладзіць выставы, але афіцыйнае адкрыццё — без наведнікаў. У зручны час можна паасобку прыйсці і пазнаёміцца з творчасцю мастакоў ці з прадстаўленымі экспанатамі.

Ноч музеяў сёлета на Берасцейшчыне таксама адмяняецца, як і па ўсёй Беларусі, з эпідэміялагічнай прычыны. Буйных альтэрнатыўных анлайн мерапрыемстваў у рэгіёне не плануецца.

Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце