Культурніцкія імпрэзы ў Гародні: пляцоўкі і планы



Пасля зменаў з гарадзенскай “Крыгай” і “Цэнтрам гарадскога жыцця” ў працы іншых творчых праcтораў Гародні адбыліся невялічкія змены. Так, этнакрама “Цудоўня”, што ладзіла амаль кожны аўторак сустрэчы са знакамітымі гісторыкамі і краязнаўцамі, засяродзілася на асноўнай працы – продажы сувеніраў, беларускіх кніг і вырабаў беларускіх рамеснікаў.

Распавядае гаспадыня “Цудоўні” Надзея Несцяровіч-Вішнеўская:

– У нас у працы ніякіх зменаў асабліва не адбылося. Сустрэчы і імпрэзы мы працягваем ладзіць, як і ладзілі. Магчыма не вельмі часта гэта адбываецца. Абумоўлена гэта тым, што мы хочам падвысіць якасць нашых сустрэчаў і іх цікаўнасць для людзей. Плануем працягваць цыкл гістарычных сустрэчаў з гарадзенскімі гісторыкамі. Само сабой, з найцікавейшымі з іх. Таксама будзем працягваць ладзіць прэзентацыі найцікавейшых кніг, якія выходзяць у Беларусі.

Дырэктарка творчай прасторы “Дом46” Яўгенія Рамановіч кажа, што для гэтай прасторы 2017 год быў годам творчасці:

– Завяршаем мы год выдатнай імпрэзай. Мы робіць танцавальны спектакль, у якім будуць удзельнічаць дзеці ад 6 гадоў, і дзеці да 45 гадоў. І гэта паказвае, што танцаваць можа кожны чалавек, у любым выпадку можна прыйсці на заняткі і пачаць танцаваць. А ў наступным годзе мы плануем пачаць майстар-класы Фані Сачэўкі, таксама да нас прыедзе Яніс Сафонаў з Масквы – выдатны педагог, які займаецца акторскім майстэрствам.

Культурніцкія імпрэзы ў Гародні адбываюцца таксама ў такіх прасторах як “Партал”, ці крама “Лёля”, а невялічкія музычныя мерапрыемствы ў бары “РокСтар” і “Карыца”, або ў веган-кавярні “Несцерка”.

Беларускае Радыё Рацыя