Культуру Літвы і Польшчы прадставяць 4-5 жніўня ў Верхнім горадзе



У суботу з 13.00 да 17.00 на тэрыторыі Верхняга горада пройдзе „Свята літоўскай культуры”. У гэты час прахожых і гасцей будуць радаваць сваёй творчасцю калектывы з Літвы і Беларусі: аб’яднаны хор Каўнаскага раёна „Вярсме” і „Мелодыя” (Літва), вакальны ансамбль „Віціс” і ансамбль „Няміга” (Менск), вакальна-харэаграфічны ансамбль „Жыльвітэс, Жыльвітэліс” і літоўскі ансамбль „Рута” (Ліда), а таксама лаўрэаты міжнародных конкурсаў Андрэй Сіманчук (саксафон), Вольга Казлоўская (вакал), пераможца рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу „Я іграю джаз” Альбертас Клімкайціс (саксафон).

Усіх жадаючых навучаць літоўскім народным танцам, увагу гледачоў прыцягнуць да інтэрактываў. Палюбавацца літоўскім нацыянальным касцюмам, паслухаць літоўскі джаз, паўдзельнічаць у віктарыне на веданне літоўскіх страў і напіткаў і тут жа іх прадэгуставаць – усё гэта можна будзе зрабіць 4 жніўня. Таксама будуць прадстаўлены разнапланавыя выставы: жывапісу, мастацкай апрацоўкі дрэва, вязання, вышыўкі, вырабу лялек. Можна будзе азнаёміцца і набыць літаратуру Літвы і набраць буклетаў ад турыстычных кампаній.

Арганізуюць свята Менгарвыканкам, Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур, культурна-гісторыка-асветная гарадская грамадская арганізацыя „Аб’яднанне літоўцаў „Віціс”, рэспубліканская грамадская арганізацыя „Беларуская абшчына літоўцаў”.

А 5 жніўня ля ратушы з 13.00 да 23.00 будзе прадстаўлена Польшча, якая ў гэтым годзе адзначае 100-годдзе аднаўлення незалежнасці. Тэматычныя пляцоўкі фестывалю пазнаёмяць тых, хто яшчэ не ведае аб культуры і традыцыях заходніх суседзяў Беларусі, з самымі яркімі і цікавымі дэталямі. На галоўнай сцэне выступіць цэлы калейдаскоп калектываў польскай дыяспары ў Беларусі, эфектна завершыць праграму Маладзёжны духавы аркестр з Гайнаўкі (Польшча) і шоу мажарэтак.

Аматарам спорту прадставіцца шанц паглядзець папулярную гульню рынга (якую прыдумаў паляк Уладзімір Стрыжэўскі больш за 50 гадоў таму). На плошчы Свабоды можна будзе паўдзельнічаць у майстар-класах і конкурсах і нават згуляць у паказальных матчах сярод прафесіяналаў і аматараў.

Вядомыя шэф-повары прыадкрыюць сакрэты гатавання традыцыйных польскіх страў і пачастуюць гледачоў, якія прыдуць у дворык атэля „Манастырскі”. Хто не паспее – увесь дзень уздоўж плошчы Перамогі будуць працаваць фуд-корты з польскімі стравамі.

Таксама ў праграме навукова-забаўляльныя майстэрні для дзяцей і дарослых, майстар-клас па эка-дызайне і рамёствах, навуковая прэзентацыя ад Лодзінскага ўніверсітэта, імправізаванае падарожжа-размалёўка для малышоў, вулічны спектакль, лінгваадукацыйны кірмаш, на якім можна азнаёміцца з праграмамі па вывучэнні польскай мовы, і многае іншае.

А вечарам меламаны атрымаюць асалоду ад выдатнай музычнай праграмы ад хэдлайнераў з Польшчы. Свінг, танга, даваенны польскі джаз у сучасных аранжыроўках выканае папулярны JAZZ BAND MLYNARSKI-MASECKI. Завершыць вечар унікальнае трыа акардэаністаў MOTION TRIO, музыка якіх выклікае мікс эмоцый, падобных да тых, якія перажываеш на клубнай тэхнавечарынцы, акадэмічным і нават рок-канцэрце.

Арганізуюць польскі фэст Менгарвыканкам, пасольства Польшчы ў Беларусі і Польскі інстытут у Менску. Галоўны партнёр – фірма ATLAS.

belta.by