Купалаўскі тэатр аднаўляе паказы з 15 чэрвеня



Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы аднаўляе паказы з 15 чэрвеня.

„Адна з галоўных традыцый Купалаўскага – пачынаць сезон легендарным спектаклем „Паўлінка”. У бягучым годзе абставіны склаліся так, што Купалаўскі адкрые сезон двойчы: пасля двух месяцаў перапынку тэатр аднаўляе паказы. І для таго, каб вяртанне гледачоў у тэатр стала сапраўдным святам, ужо 15 чэрвеня на галоўнай сцэне адбудзецца паказ нашай візіткі – „Паўлінкі”, – расказалі ў тэатры.

З 15 па 30 чэрвеня ў Купалаўскім таксама пройдуць спектаклі „Рэвізор”, „Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”, „Пінская шляхта”, „Першы”, „Вешальнікі” , „Кароль Лір”, „Ураджай”, „Людзі на балоце”, „Зямля Эльзы”, „Радзіва Прудок”, „Не мой”.

Тэатр абавязкова будзе прытрымлівацца мер бяспекі ў час спектакляў. Пры рассадцы гледачоў будзе захоўвацца дыстанцыя ў два месцы, а агульная напаўняльнасць залы галоўнай сцэны не будзе перавышаць 100 гледачоў (на 338 месцаў), залы камернай сцэны – не больш за 40 гледачоў (на 80 месцаў). У пачатку і ў канцы спектакля будзе праводзіцца абавязковая дэзынфекцыя памяшканняў. Глядач заўсёды зможа скарыстацца антысептыкамі, якія знаходзяцца ў будынку.

З рэпертуарам на чэрвень і ліпень можна азнаёміцца ​​на сайце тэатра.

belta.by