Купалаўскі тэатр выпусціў першы нумар свайго часопіса



Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы выпусціў першы нумар свайго часопіса „Купалаўскі”. Часопіс быў прэзентаваны 29 лістапада.

Паводле слоў генеральнага дырэктара тэатра Паўла Латушкі, сённяшні глядач – крэатыўная асоба, якая думае, аналізуе і з’яўляецца не толькі назіральнікам на фабрыцы спектакляў. „Сучасныя гледачы хочуць удзельнічаць у жыцці тэатра, ведаць больш аб тым, што адбываецца на сцэне. Мы шукаем розныя формы, каб узаемадзейнічаць з нашай аўдыторыяй. Адзін з такіх праектаў – выданне Купалаўскага тэатра. Гэты часопіс – наша проба пяра, мы робім гэта ўпершыню”, – сказаў ён.

Часопіс – гэта дадатковы канал камунікацыі, дзе можна расказаць пра жыццё тэатра і атрымаць зваротную сувязь ад аўдыторыі. Гендырэктар расказаў і пра іншыя праекты ўстановы. „Што датычыцца малой сцэны тэатра, тут актыўна ідзе работа. Практычна завершана распрацоўка праектнай дакументацыі, цяпер будзем праходзіць дзяржаўную экспертызу. Спадзяёмся пачаць усе адпаведныя работы ў наступным годзе”, – падзяліўся планамі Павел Латушка. Ён дадаў, што была наладжана і сістэма электронных білетаў.

Да 100-годдзя Купалаўскага тэатра рыхтуецца кніга, ствараюцца плакаты, а таксама 10 відэаролікаў. Кіраўнік тэатра адзначыў, што спектакль „Паўлінка” плануецца ўнесці ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей: „Спадзяёмся на падтрымку Міністэрства культуры і ўрада нашай краіны. Акрамя таго, мы падаём заяўку ў Кнігу рэкордаў Гінеса. Тут пакуль няма такой намінацыі, але, калі атрымаецца змяніць правілы або ўнесці дапаўненні, спадзяёмся, што ўбачым нашу „Паўлінку” ў кнізе”, – сказаў гендырэктар.

У час дабрачыннага адукацыйнага праекта для шматдзетных і няпоўных сем’яў, дзяцей-сірот, дзяцей-інвалідаў і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў „Купалаўскі адкрывае сэрцы” тэатр да канца года наведаюць 500 дзяцей.

belta.by