Купалаўскія “Прымакі” зноў вярнуліся на слонімскую сцэну



Вядомая камедыя Янкі Купалы “Прымакі” зноў вярнулася на сцэну Слонімскага драматычнага тэатра. Апошні раз “Прымакі” ставіліся ў Слоніме ў 2002 годзе. Спектакль паставіў рэжысёр Віктар Бутакоў. І вось новая сустрэча з “Прымакамі”. Галоўны рэжысёр тэатра Васіль Сявец аднавіў камедыю і першыя гледачы паглядзець спектакль ужо ў нядзелю, 1 лістапада.

Камедыю Янка Купала напісаў у 1913 годзе. І з той пары беларусы з вялікай ахвотай і радасцю чытаюць гэту п’есу і глядзяць, пастаўленыя па ёй, спектаклі. А сюжэт “Прымакоў” вельмі просты. Падзеі там адбываюцца на вёсцы. Максім Кутас прачынаецца ў чужой хаце і не можа зразумець, дзе ён і чаму сюды трапіў. Даведаўшыся, што начаваў у кумы Даміцэлі, ён, як і яна, вельмі перажывае. Але добра паснедаўшы, абое павесялелі і выправіліся шукаць: Даміцэля — мужа Трахіма Сініцу, Максім — жонку Паланею. Тыя (яны таксама начавалі разам) у сваю чаргу шукаюць іх. Урэшце ўсе збіраюцца ў хаце Трахіма і пачынаецца агульная валтузня і сварка. З’яўляюцца ўраднік з соцкім і высвятляюцца ўсе непаразуменні: на першы дзень Сёмухі Трахім і Максім у манапольцы, перапіўшы, заспрачаліся, чыя жонка горшая, ды, каб развязаць спрэчку, вырашылі імі памяняцца. Мацейка Кутас і Кацярына Сініца, якія кахаюць адзін аднаго, пасмейваюцца са сваіх бацькоў. Калі ж тыя нарэшце мірацца паміж сабою, яны дамагаюцца іх блаславення.

У слонімскіх “Прымаках” занята ўся акцёрская трупа. Спектакль па Купалаўскай п’есе парадуе і павесяліць гледачоў.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара