Куратар калекцыі «Белгазпрамбанка» спадзяецца на вяртанне канфіскаваных палотнаў
Куратар карпаратыўнай калекцыі «Белгазпрамбанка» Аляксандр Зіменка 17 чэрвеня звярнуўся да ўсіх беларускіх знаўцаў выяўленчага мастацтва з нагоды далейшай працы галерэі «Арт-Беларусь», адкуль следства канфіскавала вернутыя банкам палотны мастакоў – ураджэнцаў Беларусі. Відэазварот апублікаваны на youtube-канале галерэі.
«Мне вельмі прыемна, што за апошнія некалькі дзён мы атрымалі столькі станоўчых водгукаў, слоў падтрымкі, лайкаў, рэпостаў і ўвагі да нашай галерэі, гэта вельмі важна для нас, – адзначыў куратар калекцыі. – У галерэі новы вобраз – галерэі віртуальнай, дзе на сценах вы бачыце QR-коды, якія дазваляюць вам атрымаць асалоду ад гэтых твораў (арыгіналы, на жаль, часова недаступныя), і абрысы рам, падобных на цені нашых продкаў».
«Нам вельмі важна расказаць і паказаць, што, вядома, арыгінальныя творы, магчымасць іх убачыць – гэта неацэнны плюс для любога чалавека, які цікавіцца выяўленчым мастацтвам. Але галоўнай мэтай праекта «Арт-Беларусь» было і застаецца вяртанне імёнаў. Не проста жывапісных палотнаў, графічных лістоў, скульптур, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а імёнаў выдатных ураджэнцаў беларускіх зямель, мастакоў, чыя творчая дзейнасць прагрымела на ўвесь свет, з увагай і любоўю да якіх ставяцца людзі практычна на ўсіх кантынентах», – сказаў ён.
Зіменка пазітыўна адгукнуўся аб тым, што «нават у такі час» людзі пачынаюць «фантазіраваць і крэатыўна падыходзіць» да вобраза «Евы» Хаіма Суціна. Гаворка ідзе пра тое, што пасля канфіскацыі карцін па «справе «Белгазпрамбанка» інтэрнэт-карыстальнікі сталі мадыфікаваць выяву знакамітай карціны, ператварыўшы «Еву» ў сімвал пратэсту супраць сітуацыі вакол банка і палітычнай падаплёкі гэтай справы.
«Я думаю, што сам Суцін вельмі заўзята, з аднаго боку, паставіўся б да таго, што хтосьці робіць амажы, цытуе яго працы, – сказаў куратар калекцыі. – З іншага боку, я думаю, што ён бы парадаваўся, што без малога праз сто гадоў «Ева» зноў становіцца ўладальніцай дум у нашай краіне».
Ён падкрэсліў, што праца галерэі «Арт-Беларусь» будзе працягвацца, а яе работнікі і надалей будуць расказваць пра тое, «якую важную ролю адыгралі мастакі Парыжскай школы і іншыя мастакі са збору карпаратыўнай калекцыі «Арт-Беларусь» у развіцці выяўленчага мастацтва ўсяго свету».
«Нам вельмі прыемна, што мы можам падзяліцца з вамі гэтым веданнем. І мы спадзяемся, што «Ева» застанецца з вамі і з намі і ў свой час вынікі праекта «Арт-Беларусь» за ўсе гады яго існавання будуць годна ацэненыя. Вялікі вам дзякуй за падтрымку. Я спадзяюся, што і ў далейшым мы будзем разам з «Евай», – падсумаваў Зіменка.
11 чэрвеня ў галаўным офісе «Белгазпрамбанка» і шэрагу іншых кампаній прайшлі вобшукі. На наступны дзень старшыня Камітэта дзяржкантролю Іван Церцель заявіў журналістам, што дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК валодае доказамі датычнасці Віктара Бабарыкі да супрацьпраўнай дзейнасці. Ён таксама паведаміў, што распачатыя дзве крымінальныя справы – па ч. 3 арт. 235 КК (легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры) і па ч. 3 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры). Паводле слоў Церцеля, па справе затрыманыя 15 чалавек – «топ-менеджары «Белгазпрамбанка» з ліку кіраўнікоў першага звяна і рознага ўзроўню», а таксама былыя супрацоўнікі банка, якія цяпер працуюць у розных камерцыйных структурах.
Аляксандр Лукашэнка падчас паездкі ў Полацк 12 чэрвеня заявіў, што КДК правярае «Белгазпрамбанк» па яго даручэнні. Пры гэтым ён сцвярджае, што ніякай палітычнай падаплёкі ў гэтай справе няма.
14 чэрвеня тэлеканал «Беларусь 1» паведаміў, што да крымінальнай справы «Белгазпрамбанка» далучана 150 карцін агульным коштам каля 20 млн долараў. «Ёсць інфармацыя, што іх рыхтавалі да тэрміновага вывазу за мяжу, – сказаў вядучы. – Сапраўдны кошт гэтых актываў можа быць куды вышэйшы, можна толькі ўявіць, за колькі яны былі прададзеныя на аўкцыёнах».
На пікеце па зборы подпісаў за сваё вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты 15 чэрвеня ў Бабруйску Віктар Бабарыка выказаў здзіўленне з нагоды гэтага ТБ-сюжэта. Паводле яго слоў, няма сэнсу вяртаць карціны ў краіну і выстаўляць на ўсеагульны агляд, каб потым вывозіць іх. Бабарыка адзначыў, што карціны належаць акцыянерам банка (асноўнымі з’яўляюцца расейскія «Газпром» і «Газпрамбанк»).
На прэс-канферэнцыі 17 чэрвеня ў Менску міністр культуры Юрый Бондар заявіў, што карціны, канфіскаваныя ў «Белгазпрамбанка», захоўваюцца ў належных умовах. На пытанне пра лёс палотнаў чыноўнік адказаў: «А хто сказаў, што гэтыя карціны захоўваюцца ў нейкіх нядобрых умовах цяпер? Гэтае пытанне сапраўды адносіцца да кампетэнцыі Міністэрства культуры і кантралюецца нашымі ўпаўнаважанымі спецыялістамі».