Курс – на беларускасць?



“Многія аўтары выдаюць беларускамоўныя кнігі за ўласныя грошы”, – адзначае старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.

trusau1

Міністр інфармацыі Лілія Ананіч заявіла, што ў краіне адзначаецца рост цікавасці да беларускамоўнай літаратуры — за 2015 год агульны тыраж выданняў на беларускай мове вырас на 17%.

Алег Трусаў: Лічбы, якія агучыла Лілія Ананіч, безумоўна, радуюць, але ў параўнанні з расейскамоўнымі выданнямі мы па-ранейшаму значна адстаем.

РР: Ці азначае факт росту беларускамоўных тыражоў, што краіна ўсё-такі ўзяла курс на беларускасць і паступова рухаецца ў гэтым кірунку?

Алег Трусаў: Тут можна сказаць пра два фактары. Па-першае, сярод людзей на самой справе расце цікавасць да роднай мовы. Па-другое, расце колькасць беларускамоўных аўтараў і выдаўцоў. І многія выдаюць свае кнігі на роднай мове за свае грошы альбо за спонсарскія. Напрыклад, кнігу сваіх вершаў кожны з нас можа выдаць. Гэта не праблема – толькі грошы давай. Пры савецкім часе такой магчымасці не было. Тады альбо плаці, альбо не плаці, але пакуль цэнзура не скажа сваё слова, кніжку не выдасі. А зараз мы маем мноства прыватных выдавецтваў – асабліва ў правінцыі. Таму шмат беларускамоўных кніжачак выходзіць у Лідзе, Наваградку, Слоніме, Баранавічах пры мясцовых друкарнях. Таму, трэба адзначыць, зараз свабодаў для беларускамоўных аўтараў і выдаўцоў значна больш. А, калі больш з’яўляецца друкарняў, то і канкурэнцыя паміж імі большая. Значыцца, і танней можна кнігу выдаць. Чаму ў Менску не хочуць выдаваць? Таму што дорага. А ў рэгіёнах друкарні самі шукаюць аўтараў.

РР: Ці ёсць у дзяржавы зацікаўленасць, каб тыражы беларускамоўнай літаратуры толькі павялічваліся?

Алег Трусаў: На мой погляд, гэтая зацікаўленасць выбарачная. Калі нейкі беларускамоўны аўтар уваходзіць у склада афіцыйнага Саюза пісьменнікаў, то такога, мяркую, прасоўваюць у першую чаргу. А вось у Саюзе беларускіх пісьменнікаў больш беларускамоўных аўтараў, але ў іх менш магчымасцей, таму найперш ім і неабходна шукаць грошы на выданне сваіх кніжак. На дзяржаву там асабліва не спадзяюцца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота svaboda.org