Кузьма Чорны на паштоўках
Кузьма Чорны (1900-1944) – адзін з таленавітых беларускіх пісьменнікаў, якому 24 чэрвеня спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння, не вельмі часта адлюстроўваўся ў беларускай філакартыі.
Такі здольны і яркі наш літаратар пры жыцці і пасля смерці быў і застаецца пакрыўджаным. А ён заслугоўвае нашмат большага, чым сёння мы маем. Нават на беларускіх паштоўках Кузьма Чорны адлюстроўваўся толькі некалькі разоў.
У 1958 годзе Дзяржаўнае выдавецтва БССР выпусціла набор паштовак, прысвечаных беларускім пісьменнікаў. Сярод іх была і паштоўка з выяваю Кузьмы Чорнага. Наклад паштовак налічваў 10 тысяч штук. Афармляў іх мастак Мікалай Гуціеў.
Падобны набор паштовак з партрэтамі пісьменнікаў БССР з’явіўся і ў 1963 годзе. Іх афармляў мастак Янка Раманоўскі. Выпусціла іх таксама Дзяржаўнае выдавецтва БССР. Быў там партрэт і Кузьмы Чорнага. З таго часу паштоўкі з выявамі Кузьмы Чорнага ў Беларусі не выдаваліся. І толькі да 100-годдзя пісьменніка Міністэрства сувязі Рэспублікі Беларусі ў 2000-м годзе выпусціла паштовую картку ў выглядзе паштоўкі, прысвечаную Кузьме Чорнаму. На ёй адлюстраваны партрэт пісьменніка і тэкст: “К.Чорны. Беларускі празаік, драматург, публіцыст. 100 гадоў з дня нараджэння”. А таксама вокладка кнігі “Хвоі гавораць” і ілюстрацыя да рамана “Трэцяе пакаленне”. Афармляў паштоўку мастак А. Федзін. Наклад яе быў 3 тысячы асобнікаў. Вось і ўсе выданні, прысвечаныя Кузьме Чорнаму, у беларускай філакартыі.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя