Квэсты паводле нацыянальнай гісторыі ад “Шукай.бай”
Беларусь па праву лічыцца сярод заканадаўцаў моды ў правядзенні гарадскога арыентавання і квэстаў. Праекты “Схватка” і “Энкаўнтэр” у свой час распаўсюдзіліся далёка за межы краіны, але рэдка звярталі ўвагу на нацыянальную тэматыку. Арганізараты квэстаў “Першы крок да Незалежнасці” і “12 апосталаў” пашукалі адказаў на пытанне: ці магчыма сумясціць айчынную гісторыю з азартным характарам гульнявога жанра?
Яраслаў Ліхачэўскі, ставаральнік праекта “Шукай.бай”: У нас у “Браме” першапачаткова была ідэя стварыць нейкі турыстычны дапаможнік, які дапаможа людзям вандраваць, дапаможа Беларусі быць больш прывабнай для замежнага турыста. Мы пачалі прапрацоўваць, якія тут могуць быць інструменты. Так склалася, што квэст – наша хобі. Мы шмат год, хто 7, хто 8 год, гуляем і ствараем квэсты. І мы вырашылі паспрабаваць, чаму б не зрабіць турыстычны прадукт у гульнявой форме. Паспрабаваўшы адзін раз, атрымаўшы дастаткова вялікі посьпех, падумалі, што мы на слушным шляху і працягнулі развіваць гэтую ідэю. Таксама варта адзначыць, што гэта цалкам інавацыйны праект. Мы выкарыстоўваем самы сучасныя інтэрнэт і мабільныя тэхналогіі. І мы спадзяемся, што ў нас атрымаецца ператварыць наш горад і нашу краіну, нашыя самыя славутыя турыстычныя цікавосткі ў бяспечныя гульнявыя пляцоўкі, каб сапраўды яны маглі ажывіць гісторыю. Каб кожны ахвочы, беларус ці госць нашай краіны, мог адчуць сябе гістарычным персанажам, напрыклад, Тадэушам Рэйтанам, Францыскам Скарынам альбо кім-небудзь з Радзівілаў.
Зміцер Рагачоў, каардынатар праекта “Эпоха князя Міхала Клеафаса Агінскага”: Усім патэнцыйным удзельнікам раю зазірнуць хаця б у Вікіпедыю. Ідэя квэста, я так разумею, даўно ўжо ў паветры вісела. І вось нарэшце атрымалася сабрацца людзям, якія прыдумляюць розныя гістарычныя цікавосткі, тым, хто ўмее рабіць квэсты. Квэст заснаванны ў падарожжах ў часе, сутыкненнях, сустрэчах з Радзівіламі розных часоў, у адпаведным антуражы і звязаны з тым ці іншым гістарычным перыядам. Адпаведна гэта будуць Радзівілы ад 17 да 19 стагоддзя. Карацей, у гэтым трэба ўдзельнічаць, каб зразумець. Бо на словах усё не патлумачыш.
Ірына Гудава, удзельніца каманды “Шукай.бай”: Квэст пра Беларускую Народную Рэспубліку называецца “Першы крок да незалежнасці”. Ён адметны шмат чым. Па-першае, там вельмі цікавая легенда. Усё пачынаецца з таго, што вы знайшлі быццам бы ў старой шафе бабулі нейкі таемны ліст, які адправіў ваш дзядуля, які меў непасрэднае дачыненне да стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. І далей вам трэба разблытаць цэлы клубок нейкіх палітычных інтрыг і г.д. Што цікава, гэты квэст стварылі не ўдзельнікі непасрэдна нашай каманды, а ён быў створаны ў рамках летняй школы квэстаў. І гэта лепшы праект нашых вучняў. Было прадстаўлена шмат праектаў, але гэты атрымаўся найбольш яскравым, больш цікавым, і сапраўды не сорамна прадставіць яго шырокай публіцы. Таксама ў нас ёсць цалкам бясплатны квэст, які можа прайсці любы жадаючы, напрыклад, квэст па метро. Ён створаны сумесна з музеем Менскага метрапалітэна. І таксама квэст па музею Петруся Броўкі.
Арганізатары “Шукай.бай” адзначылі, што праект атрымаў шырокую падтрымку ад Нацыянальнай агенцыі па турызме. Яны выказалі спадзяванне, што нарэшце і дзяржава пачала цікавіцца і больш пільна захоўваць айчынную гісторыю і культуру.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота belarus.tio.by
Матэрыял у гукавым фармаце: