“Кветкавыя таямніцы” ў Глыбокім



Акунуцца ў “Кветкавыя таямніцы” можа любы жадаючы, які завітае ў Глыбоцкі дом рамёстваў. Там пачала сваю працу выстава Валянціны Логвін. Паводле майстрыцы па вышыўцы і вязанню, яна яшчэ займаецца рэканструкцыяй адзення і вырабляе рушнікі. Але большую цікавасць у глыбачан маюць вырабы з воўны і вязаныя рэчы. На заняткі прыходзяць навучыцца гэтым відам рамяства не толькі дзеці, але і старэнькія бабулі:

– Спачатку крыху ткацтва вяла, габелен, пасля – беларускую ляльку, цяпер – вышыўку і вязанне. Ласкутнае шыццё – маё хобі, пакуль сама вучуся. Пасля гэта на дачу вязу: хачу ў такім стылі яе аформіць.

Валянціна Логвін да выставы рыхтавалася цэлы год. На ёй прадстаўлена каля паўсотні работ майстрыцы. Гэта дэкаратыўныя пано, экспанаты, выкананыя ў тэхніцы ласкутнага шыцця і валяння з воўны, а таксама вязаныя рэчы і вышыўкі стужкамі. Выстава ў Глыбоцкім доме рамёстваў працуе да канца лютага.

[Not a valid template]

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтаркі