Кветкі для Ларысы Геніюш



У панядзелак, 9 жніўня, на працягу ўсяго дня Зэльву наведваюць прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі з усёй Беларусі, каб ускласці кветкі на магілу і да помніка вялікай беларускай паэткі Ларысы Геніюш (1910-1981).

З самай раніцы кветкі да помніка і на магілу Ларысы Геніюш усклаў намеснік старшыні Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка з жонкай Ганнай.

Са Слоніма з кветкамі завіталі пісьменнікі Мікола Канановіч і Сяргей Чыгрын. Яны таксама ўшанавалі Ларысу Антонаўну.

З Дзятлава ў Зэльву прыехаў краязнавец Валерый Петрыкевіч, які добрымі словамі памянуў вялікую паэтку.

На магілу паэткі і да помніка ёй прыносілі кветкі і зэльвенцы – людзі сталага ўзросту, якія ведалі і сябравалі са сваёй знакамітай зямлячкай.

У гэтыя дні да Ларысы Геніюш едуць беларусы з Менску, Ваўкавыску, Гародні, Ліды, Берасця і іншых гарадоў Беларусі, каб аддаць ёй даніну светлай пашаны і любові.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва

Фота аўтара