Лагатып Магілёва ў стылі вышыванкі
Магілёўскі гарвыканкам зацвердзіў лагатып святкавання 750-годдзя Магілёва, у яго аснову легла традыцыйная беларуская вышыўка. Пра гэта паведаміла 22 лютага на брыфінгу намеснік старшыні гарвыканкама Ала Галушка, перадае БЕЛТА.
На адкрыты гарадскі конкурс на найлепшы лагатып да святкавання юбілейнай даты паступіла 70 творчых работ. У многіх была выкарыстаная сімволіка горада, у тым ліку знакавыя аб’екты, скульптуры львоў, нацыянальны арнамент. У выніку было прынятае рашэнне адлюстраваць у лагатыпе, выкарыстоўваючы стыль вышыўкі крыжыкам (на белым фоне чырвоным), гісторыю і сучасны горад з дапамогай знакавых вядомых аб’ектаў. Над канчатковым варыянтам галоўнага сімвала юбілею працавала ўжо вялікая творчая група, у выніку створаны пазнавальны лагатып, які атрымаў аднагалоснае ўхваленне.
«Гэты лагатып будзе выкарыстоўвацца пры святочным афармленні горада, на сувенірнай прадукцыі, пры афармленні аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання, то бок стане галоўным брэндам святкавання 750-годдзя горада, якое пройдзе з 22 чэрвеня па 3 ліпеня», — сказала Ала Галушка.
Галоўная дамінанта лагатыпа — сімвал самакіравання — гарадская Ратуша. Злева ад яе — Свята-Нікольскі сабор (уключаны ЮНЕСКА ў рэестр найбольш каштоўных збудаванняў Еўропы ў стылі барока) і мемарыяльны комплекс Буйніцкае поле. Справа — помнік архітэктуры ў стылі мадэрн, былы будынак пазямельна-сялянскага банка (цяпер Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П. Масленікава) і — як сімвал сучаснасці і паўнаты жыцця — жылая высотка. Вянчаюць з абодвух бакоў лагатып мініяцюрныя львы як сімвалы легенд аб паходжанні Магілёва і напамін пра тое, што Магілёў прэтэндаваў стаць сталіцай Беларусі, а таксама канкураваў па багацці і прыгажосці з многімі сталіцамі еўрапейскіх дзяржаў. Унізе лагатыпа лініяй ідзе вышыўка, запазычаная з аўтэнтычнага магілёўскага ручніка. Яна сімвалізуе ўрадлівасць зямлі і жыццё, а ў самым яе цэнтры надпіс «Магілёў-750».