Лайнэ Кайнайзэ: Мне па-ранейшаму цікава знаходзіцца ў класічным жывапісе



Пра выяўленчае мастацтва. Сёння адзначае сваё 70-годдзе латвійская мастачка Лайнэ Кайнайзэ. Беларускія мастакі запрасілі яе на свой пленэр, прысвечаны 700-годдзю Вільні, які праходзіў напрыканцы жніўня.

З нагоды юбілею з мастачкай паразмаўляў Алесь Аркуш.

РР: Выяўленчае мастацтва Латвіі заўсёды любілі беларускія мастакі. Я ведаю шэраг мастакоў, якія рэгулярна ездзілі ў Рыгу на выставы. У якім стае сёння знаходзіцца выяўленчае мастацтва Латвіі?

Лайнэ Кайнайзэ: Сёння выяўленчае мастацтва Латвіі вельмі шматстайнае. Ну, напрыклад, у жывапісе, пачынаючы з класічнага рэалізму, да поўнай абстракцыі. І дайшло да такіх формаў, якія не зусім падобныя да выяўленчага мастацтва, як, напрыклад, перформанс. Я крыху ад гэта адстаю, шчыра кажучы. Таму што ў класічным жывапісе так шмат цікавага – і фармальныя пошукі, і зместам, мне асабіста там цікава быць.

РР: Назіраю, што адбываецца з галерэямі ў Літве. Быў у Паланзе і бачыў, што там пазачыняліся многія галерэі. А як з гэтым у Рызе?

Лайнэ Кайнайзэ: На жаль, у галерыстаў, таксама як і ў мастакоў, жыццё штогод ускладняецца, вельмі шмат галерэяў у Рызе зачынілася. Засталіся тыя, якія ўмеюць працаваць у новых умовах. Яны працуюць з пэўным колам мастакоў.

РР: У некаторых краінах заўважны падзел у мастацкім асяродку на старэйшых і маладзейшых мастакоў, паміж рознымі ўзроставымі генерацыямі. І паміж імі не заўсёды ёсць нейкая сувязь. А як вы ставіцеся да маладых мастакоў?

Лайнэ Кайнайзэ: У нас ёсць і такія, і такія. Наогул мы спрабуем адзін аднаго зразумець, але мне здаецца, з маёй пазіцыі, што тыя, якія старэйшыя, лепш разумеюць маладых, чым маладыя цікавяцца творчасцю калегаў, якія ў сталым узросце. Але на калектыўных выставах мы выстаўляемся разам.

РР: Гэтымі днямі вы адзначаеце сваё 70-годдзе? Як вы рыхтаваліся да юбілею? Ці будзе ў вас з гэтай нагоды персанальная выстава? Ці будуць у вас браць інтэрв’ю ў Латвіі, віншаваць?

Лайнэ Кайнайзэ: Наконт юбілею. Ну дзень народзінаў будзе дакладна, куды дзецца. І я яго адзначаю персанальнай выставай у адным з літаратурных музеяў Рыгі. Там невялікая зала, таму будзе 15 карцін. І выстава мае назву «Дарогі блізкія, далёкія». Наконт публікацый я не ведаю. Няхай людзі прыйдуць на выставу. Зараз мы думаем, як там з музыкай арганізаваць, каб усё было добра.

Цалкам размова:

Лайнэ Кайнайзэ нарадзілася ў Рызе 31 жніўня 1953 года ў сям’і мастакоў. Скончыла Рыжскую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. З 1982 года з’яўляецца сябрам Саюза мастакоў Латвіі. Яе карціны знаходзяцца ў калекцыях Латвійскага мастацкага фонду, прыватных калекцыях Латвіі, Германіі, Францыі, Англіі і ЗША.

Размаўляў Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя