Ларыса Геніюш на паштоўках, канвертах і каляндарыках
Першая паштоўка, прысвечаная беларускай паэтцы-змагарцы, вязню сталінскіх лагераў Ларысе Геніюш (1910-1983) з’явілася напрыканцы 1954 года. Яе намаляваў сябра падпольнай антысавецкай арганізацыі “Чайка”, паэт і педагог, вязень ГУЛАГу Васіль Супрун (1926-2007). Паштоўка была намалявана ў Варкуце і даслана Ларысе Геніюш. На ёй намаляваны падкова з бел-чырвона-белым сцягам, вясковая хата пад снегам і словы: “ З Новым 1955 годам – Ларыска!”.
У 1993 годзе Анатоль Белы выдае паштоўку з выяваю карціны Сямёна Геруса, прысвечаную Ларысе Геніюш. На ёй мастак адлюстраваў партрэт паэткі за кратамі і калючым дротам. А таксама словы паэткі: “Бацька і маці, і родная мова для беларусаў – пытаньне жыцьця”.
У Слонімскай друкарні ў 1998 годзе мне пашанцавала выпусціць паштоўку з партрэтам Ларысы Геніюш і з бел-чырвона-белым банцікам. Паштоўку намалявала слонімская мастачка Людміла Лобач.
Фонд Анатоля Белага і сядзіба музея выяўленчага мастацтва ў Старых Дарогах у 2003 годзе выпусцілі паштоўку з выяваю помніка Ларысы Геніюш у Зэльве скульптара Міхася Інькова. Паштоўка была надрукавана на чатырох старонках. На ёй таксама адлюстраваны здымак тых, хто прымаў удзел у адкрыцці помніка ў Зэльве 29 лістапада 2003 года каля Зэльвенскай Траецкай царквы. І спіс тых, хто ахвяраваў грошы на помнік. Гэтыя прозвішчы хочацца нагадаць і цяпер: Святлана і Анатоль Белыя, Кастусь Вайцяхоўскі, Кацярына Вініцкая, Мікола Грэбень, Марыя Дзямковіч, Генадзь Дылеўскі, Уладзіслаў Завальнюк, Віталь Каляда, Пётр Краўчанка, Мікола Латушкін, Аляксей Марачкін, Ганна і Кастусь Мерлякі, Уладзімір Набагез, Мацвей Рэпкаў-Смаршчок, Аляксандр Семяняка, Іаан Харашэвіч, Міхась Чарняўскі, Аляксей Шынкевіч, Алесь Шатэрнік і Леанід Шчамялёў.
Да 100-годдзя Ларысы Геніюш у 2010 годзе ў Маладэчне, дзякуючы краязнаўцу Міхасю Казлоўскаму і мастаку Генадзю Сянькоўскаму, таксама свет пабачыла паштоўка з партрэтам паэткі.
Не засталося ўбаку Таварыства Беларускай мовы ад ушанавання Ларысы Геніюш. Сябры таварыства ў 2000 годзе выпусцілі кішэнны каляндарык з партрэтам паэткі і змагаркі, які намаляваў Алесь Мара. На каляндарыку былі змешчаны і паэтычныя радкі аўтаркі:
Сёньня на пласе родная мова.
Вырваць жывую належыць з агню.
Слова “кахаю” – слабае слова,
Мужнае слова – “абараню”!
Да 100-годдзя Ларысы Геніюш ТБМ сумесна з кампаніяй “Будзьма” таксама выпусцілі кішэнны каляндарык з партрэтам маладой Ларысы Геніюш.
У 2010 годзе парадавала Белпошта, якая надрукавала паштовы канверт да 100-годдзя з дня нараджэння паэткі. Канверт выйшаў накладам 30 тысяч асобнікаў. На ім адлюстраваны партрэт Ларысы Геніюш і яе цудоўныя словы:
Беларусь мая ясная, сіняя казка,
Схіліліся дрэвы над хатай ў журбе,
Як жа мне сёньня нясказана цяжка
І хораша разам жыць для цябе…
Вось і ўсе папяровыя выданні, прысвечаныя Ларысе Геніюш, якія маю ў асабістым архіве. Хочацца спадзявацца, што да 110-годдзя нашай таленавітай і мужнай паэткі, якое будзе адзначацца ў 2020 годзе, іх з’явіцца больш.
Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя