Лаўрэатамі “Басовішча 2015” сталі Navi і TonqiXod (абноўлена)



Адразу двух пераможцаў абрала журы конкурснай часткі фестывалю “Басовішча 2015”. Імі сталі гурт TonqiXod, а таксама дуэт Navi ў складзе Ксеніі Жук і Арцёма Лук’яненкі:

– За два гады мы дастаткова дасягнулі і на наш апошні сольны канцэрт прыйшло 500 чалавек.

Ксенія Жук:

– Часта гаварылі, што на канкурсантаў збіраецца не шмат людзей, чакаюць “зорак”. Але мы ўчора пабачылі шмат людзей. І для нас гэта вельмі прыемна, што польская і беларуская публіка нас добра ўспрымае.

TonqiXod, Уладзь Лянкевіч:

– Насамрэч ёсць сумная статыстыка, якая гаворыць аб тым, што шматлікія пераможцы, акурат “Басовішча”,  разваліліся праз паўгода, праз год, зніклі. Таму я не ідэалізаваў бы гэта ўсё, але, натуральна, гэта ўсё прыемна.

IMG_6232

Пераможцы конкурснай часткі атрымалі грашовую ўзнагароду ў дзве тысячы злотых кожны, таксама яны выступяць на фестывалі “Басовішча 2016” і трапяць у актыўную ратацыю ў плэй-лісце нашага Беларускага Радыё Рацыя. Сёння фестываль яшчэ працягнецца, паколькі а 21-й гадзіне ва ўрочышчы Барык каля Гарадка выступіць яшчэ гурт Port Mone.

* * *

Сёлетні фестываль “Басовішча” адзначыўся вяртаннем конкурснай праграмы, насычанай праграмай і традыцыйна добрым настроем і энергетыкай музыкаў ды наведнікаў. Адметнай стала і прысутнасць Арт-сядзібы на чале з яе кіраўніком Паўлам Белавусам:

– Адчуванне ад “Басоў” у прынцыпе заўжды пазітыўнае. Чацвёрты раз прыязджаю. Калісьці першы раз прыязджаў, у 2007 годзе, яшчэ студэнтам прыязджаў. Вось зараз ужо не студэнт. Гэта такая ўжо добрая традыцыя. Гэта адзін аспект. А другі, усё ж такі вось, напрыклад, гурт Brutto, яго ж немагчыма ў Беларусі пачуць.

Алесь Залеўскі, супрацоўнік тэлеканалу Белсат:

– Попыт на сапраўды свабодныя і сапраўды незалежныя фестывалі ёсць для беларускй публікі. Нават па конкурснай праграме мы бачым, што там выступаюць такія гурты, як Navi , ці TonqiXod, якія ўжо назбіралі мноства перамогаў унутры краіны.

Таксама ў час “Басовішча” на адным з будынкаў у мястэчку Гарадок стварылі вялікае графіці ў выглядзе беларускага нацыянальнага арнаменту.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя