Уручэнне „Залатога апострафа”



 

Літаратурнай прэмія „Залаты апостраф”, якая заснавана часопісам „Дзеяслоў”,  уганараваны сёлета Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Віталь Рыжкоў і Валерыя Данілевіч. Цырымонія адбылася 24 лютага ў Менскай кнігарні «Галіяфы». Яна прайшла ўжо ў 13-ты раз.

Узнагароджанне адбылося ў сяброўскай, амаль дамашняй атмасферы, з чытаннем вершаў, з музыкай: у кнігарні выступіў гурт „Гарадскі вал”.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Рэдактар часопіса „Дзеяслоў” і старшыня Саюзу Беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч (Сачанка) прадставіў сабраным новы, ужо 80-ты нумар часопісу. У ім надрукавана раней невядомае апавяданне народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. А рарытэтны, першы нумар „Дзеяслова” быў разыграны сярод прысутных на адмысловай віктарыне.

Па словах Барыса Пятровіча (Сачанкі), сёлета сярод намінантаў на прэмію было шмат цікавых празаікаў і паэтаў. Таму выбар даўся вельмі цяжка.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Барыс Пятровіч: Можа, кагосьці чакае расчараванне пасля таго, як яны пачулі імёны. Можа, нехта ставіў на іншых. Але тым не менш, сёлета лаўрэатамі сталі за лепшы дэбют — Валерыя Данілевіч, за лепшую прозу — Уладзімір Арлоў,  за лепшую паэзію — Віталь Рыжкоў і за ўклад у сучасную беларускую літаратуру — Уладзімір Някляеў. Канешне, было мноства вартых прэміі людзей. Але прэмія адна. І нам заўсёды даводзіцца выбіраць — праз спрэчкі, нават праз непаразуменні, — хто, урэшце рэшт, лепшы, за каго  большасць з сяброў рэдакцыі. Сёлета выбар быў вось такім.

„Дзеяслоўцы” заўсёды называюць кандыдатаў у „шорт-ліст”. Тых, хто, на іх густ, напісаў лепшую прозу, ці паэзію. І гэта не толькі творцы з Беларусі. Так, сёлета сярод намінантаў за лепшую паэзію быў прадстаўнік з Беласточчыны Андрэй Сцепанюк. Я ведаю, што ён плённа працуе ў паэзіі, у літаратуры ўвогуле. Неўзабаве ў „Дзеяслове” выйдзе новая падборка ягоных вершаў”.

9505B288-011F-44EC-B324-DB1C7966A312_w640_r1_s

Уладзімір Някляеў: Як бы не стагналі і не плакалі, хутчэй па звычцы сваёй, чым па абставінах, беларусы, найперш беларускія літаратары — яны салісты, я б сказаў, напрацягу многіх-многіх гадоў у гэтым хоры плакальшчыкаў. І не беспадстаўна, бо стан беларускай мовы і культуры ў нашай дзяржаве, мякка кажучы, жадае лепшага. Але не такі ён і пагібельны. І вось імпрэза з уручэннем прэміі за паэзію, прозу, за пачатак шляху ў паэзіі і прозе пра гэта сведчыць. Сведчыць, перш за ўсё, узроўнем тых твораў, за якія іх аўтары атрымалі прэмію. Гэта непараўнальна вышэй за той узровень, які быў у нашай літаратуры ў тыя часы, калі пачынаў у ёй я. Таму лепш смяяцца, чым плакаць, лепш збірацца вось так, на святочныя імпрэзы, чым на сумныя, а тым больш на жалобныя. Лепш дапамагаць адзін аднаму эмоцыямі, энергіяй, верай у тое, што ўсё у нас, урэшце рэшт, выверне з бакавых сцежак на магістраль, на шлях. І літаратара беларуская, якая запачаткавала ідэю беларускай дзяржаўнасці і на гэтым гістарычным адрэзку Беларусі і беларусам дапаможа. А Беларусь і беларусы, у сваю чаргу, дапамогуць беларускай літаратуры.

Прэмія „За ўклад у сучасную беларускую літаратуру” уручаецца ўжо ў 7-мы раз. Яна заснавана журналістам, пісьменнікам і выдаўцоўм Алесем Усеней, які асабіста ўручыў яе на імпрэзе.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Валерыя Данілевіч, лаўрэат прэміі „Залаты апостарф” у намінацыі „Дэбют” кажа, што атрыманая ёй узнагарода стала нечаканай і вельмі прыемнай.

— Я вельмі ўдзячная ўсім тым, хто вырашыў, што я вартая гэтай прэміі. Буду развівацца і ісці далей, каб нікога не расчараваць. Станавіцца лепшым літаратарам з цягам часу, каб хтосьці, можа быць, з задавальненнем мяне чытаў і хтосьці хацеў нешта для сябе браць з той літаратуры, якую я буду пісаць.

Сярод намінанатаў, дэбютантаў, якія ўвайшлі ў шорт-ліст прэміі, былі таксама маладыя паэты Павал Дарохін, Яўген Іхонкін, Яўгенія Пракапчук, Надзея Тачыцкая.

Лепшым паэтам журы часопісу „Дзеяслоў” прызнала Віталя Рыжкова. Ён атрымаў „Залаты апостраф” ужо ў другі раз. Сярод намінанатаў былі таксама Анатоль Брусевіч, Вольга Гронская, Аксана Спрынчан і Андрэй Сцепанюк.

61290D8A-E45E-459E-BF2A-EA6E2EB06C70_w640_r1_s

Як сказаў Віталь Рыжкоў,  асноўнае, галоўнае пачуццё ад атрымання гэтай прэміі — ўдзячнасць. «Але разам з ім адчуванне нейкай боязі. Бо я ведаю, што з добрымі думкамі ад добрых паэтаў і добрых людзей заўжды ідуць парой нейкія зласлівасці і плёткі ад горшых паэтаў і горшых людзей. І гэта дастаткова непрыемная рэч сама па сабе, якой я заўжды стараўся пазбягаць. Але асноўнае пачуццё — гэта, канешне, удзячнасць». А выступаючы з удзячным словам, Віталь Рыжкоў замест прамовы прачытаў свой  верш „Гульня святла”:

«… І дакладна, што мы ў свеце — для жыцця не лепшы ўзор.

Дык ці не ёсць мы адно святлом, а чалавек — гэта проста назоў?

Гэты свет, дзе сваркі і звадкі, горыч і боль — толькі найменшае з зол,

А мы проста з вамі ляцім —  мы проста „ўсе разам ляцім да зор», —  такімі радкамі скончыў ВітальРыжкоў свой выступ.

У намінацыі „Проза” „Залаты апостраф” быў прысуджаны пісьменніку Уладзіміру Арлову. Сярод іншых прэтэндэнтаў былі Алена Брава, Уладзімір Някляеў, Франц Сіўко, Уладзімір Сцяпан.

7E86AF51-7F4E-4DA2-AC20-960EEC02A60B_w640_r1_s

Як сказаў Уладзімр Арлоў, прэмія заўсёды нечаканая.

Але вельмі прыемна, што з прэміяй мяне павіншавалі мае калегі. У тым ліку тыя, хто таксама прэтэндаваў на прэмію. Так не заўсёды бывае. Часам іншыя прэтэндэнты пакідаюць залю, крыўдзяцца надоўга. Я цалкам задаволены, рады, што рэдакцыя „Дзеяслова” менавіта такі выбар зрабіла. Я не вельмі добра ведаю ўладальніцу прэміі за дэбют, але яна пакінула сімпатычнае ўражанне сваім выступам. Спадзяюся, што ў яе сапраўды будзе літаратурная будучыня. Абсалютна заслужаная прэмія Віталю Рыжкову. Не кажучы ўжо пра прэмію за ўклад у беларускую літаратуру для Уладзіміра Някляева.

Свой выступ у час уганаравання Уладзімр Арлоў скончыў апошнім радком са сваёй аповесці, якая была ўганаравана „Залатым апострафам”. Ён гучыць так: «”Пакуль я танчу”. Так што, я думаю, што буду танчыць. Гэта значыць, буду пісаць».

І па словах Уладзіміра Арлова, не толькі ён, але і шмат розных беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, натхненне і праца якіх робяць беларускую літаратуру цікавай, жывой, патрэбнай людзям.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

***

На ўрачыстай цырымоні ў сталічнай кнігарні “Галіяфы” адбылося ўручэнне літаратурнай прэміі “Залаты апостраф” за лепшую публікацыю ў часопісе “Дзеяслоў”. Традыцыйна імёны лаўрэатаў для нашага радыё назваў галоўны рэдактар “Дзеяслова” Барыс Пятровіч:

– Мы, як звычайна, уручылі чатыры прэміі. Прэмію за вялікі ўклад у сучасную беларускую літаратуру атрымаў ад Алеся Усені Уладзімір Някляеў. Прэмію за лепшы дэбют атрымала Валерыя Данілевіч. Прэмію за лепшую паэзію атрымаў Віталь Рыжкоў. Прэмію за лепшую прозу атрымаў Уладзімір Арлоў.

Уладзімір Арлоў пракаментаваў сваю ўзнагароду з гумарам:

— Назва часопіса «Дзеяслоў» з усіх прозвішчаў беларускіх пісьменнікаў найлепш рыфмуецца з маім прозвішчам. І з гэтым было звязанае нейкае спадзяванне, вось яно і здзейснілася і я ўдзячны за гэта рэдакцыі “Дзеяслова”.

Упершыню сярод уладальнікаў “Залатога апострафа” з’явіўся лаўрэат, які атрымаў прэмію другі раз – гэта паэт Віталь Рыжкоў. Сёлета рэдакцыя часопіса адмовілася ад ранейшай умовы – даваць прэмію аўтару не больш аднаго раза.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя