Леакадзія Ашкеловіч: Запавет Адама Міцкевіча да беларусаў – застацца сабой і не забываць пра Радзіму



Пэўна ніводзін іншы дзяяч не мае столькі памятных шыльдаў у гістарычным цэнтры Вільні, як Адам Міцкевіч. Маецца сумнавядомы дом, адкуль паэта выслалі з горада, але маецца і купецкая сядзіба, дзе ў 1822 годзе Міцкевіч жыў і працаваў над паэмай «Гражына». Зараз тут адчынены Музей Адама Міцкевіча, які належыць Віленскаму ўніверсітэту. Адрас добравядомы і нязменны: вуліца Бернардыну, дом 11.

Пагутырылі з супрацоўніцай Музея Адама Міцкевіча Леакадзіяй Ашкеловіч пра тое, чым жыве музей зараз, колькі памятных месцаў Адама Міцкевіча налічваецца ў Вільні, ці мажліва супраца з Беларуссю вакол памяці паэта і якія беларускія экспанаты маюцца ў музеі Вільні.

РР: Ці паступаюць прапановы звонку, як часта прыязджаюць экскурсіі з іншых краін у музей?

Леакадзія Ашкеловіч: Да нас прыязджаюць і з Варшавы, і з Кракава. Мы ўдзельнічалі ў розных праектах. У мінулым годзе, напрыклад, было 200 гадоў рамантызму. Таму і ў Польшчы, і ў нас таксама святкавалі гэты юбілей. Мы выдалі першы поўны пераклад першага тома Міцкевіча на літоўскую мову. І выдалі на дзвюх мовах, з ілюстрацыямі. Праца карпатлівая. У нас гэта заняло паўтара года. Акрамя таго былі арганізаваныя бясплатныя экскурсіі пра рамантыкаў і пра Міцкевіча па Вільні, у якіх мог удзельнічаць любы жадаючы. Удзельнічаем у канферэнцыях. Праца вельмі-вельмі цікавая.

РР: Калі гуляеш па Вільні, бачны помнікі, шыльды, памятныя дошкі ў гонар Адама Міцкевіча. А колькі агулам такіх аб’ектаў у Вільні налічваецца зараз?

Леакадзія Ашкеловіч: Мая калега, якая напісала кнігу пра Міцкевіча, налічыла 11 аб’ектаў. Міцкевіч тут жыў, вучыўся, тут жылі ягоныя сябры, у якіх ён спыняўся, калі прыязджаў з Коўна.

РР: Калі хто прыедзе адмыслова ў Вільню, каб наведаць месцы, звязаныя з Адамам Міцкевічам, што б Вы параілі яму наведаць у першую чаргу?

Леакадзія Ашкеловіч: Гэта тры важныя месцы. Гэта найперш Вострая брама – гэта першае месца, куды пайшоў Міцкевіч і апошняе перад ссылкай. Гэта Віленскі ўніверсітэт, канешне, дзе ён правёў самыя шчаслівыя, можна сказаць, гады. І канешне ж, музей Міцкевіча – гэта адзіны музей Міцкевіча ў Літве. Гэта вельмі стары музей, бо ён быў адкрыты ў 1911 годзе. Гэта быў другі музей ў свеце пасля музея ў Парыжы.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара