Леанід Богдан хацеў, каб ў Слоніме стаяў помнік Статуту ВКЛ
Слонім развітаўся са сваім знакамітым скульптарам Леанідам Богданам і яго жонкай Тамарай. Леанід Богдан усё жыццё пражыў у Слоніме і прысвяціў сваё жыццё роднаму гораду. Ён на ўласныя сродкі ствараў для горада помнікі і памятныя знакі, звязаныя з яго гісторыяй і гісторыя Беларусі.
У сваім апошнім інтэрв’ю Беларускаму Радыё Рацыя некалькі месяцаў таму, скульптар выказаў жаданне ўсталяваць у Слоніме памятны знак Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588 года:
– На гістарычную тэму – Статут Вялікага Княства Літоўскага, па паэме Адама Міцкевіча “Гражына”, барэльеф “Паланэз Агінскага” у Слоніме і мемарыяльная дошка на тэатры, прысвечаная Агінскаму. У горадзе мае працы знаходзяцца ў асноўным у музеях – гэта скульптуры гістарычных асоб, напрыклад, Скарыны, герояў Слонімшчыны. Я – рэгіянальны мастак, бо мае працы звязаныя з гісторыяй Слоніма. Статут Льва Сапегі, можна сказаць, ён у Слоніме быў напісаны. Плануем такі помнік паставіць у горадзе.
Трагічныя абставіны ў сям’і Богданаў не дазволілі спадару Леаніду давесці сваю справу да канца. Зараз справа ўсталявання помніка Статуту ВКЛ, якому ў наступным годзе будзе 430 гадоў, кладзецца на плечы слонімцаў.
Па задумцы аўтара – гэта будзе дакладны макет Статута, да якога можа прыкласці руку, нібы прысягаючы, кожны слонімец і госць горада.
Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара