Леанід Несцярчук напісаў кнігу пра Агінскага
„Міхал Клеафас Агінскі: Ліцвін. Патрыёт. Творца” – манаграфію пад такой назвай выдаў берасцейскі краязнаўца Леанід Несцярчук. Яго чарговая праца прысвечана 250-годдзю са дня нараджэння кампазітара, дыпламата і палітычнага дзеяча Рэчы Паспалітай. Леанід Несцярчук вывучаў дакументы ў архівах, бываў у месцах, дзе некалі жыў Міхал Клеафас Агінскі. Паводле яго словаў, гэтая гістарычная постаць вартая вывучэння беларускіх гісторыкаў:
– Усё жыццё ён прадстаўляе вялікую цікавасць для нас, бо гэта наш зямляк, нягледзячы на тое, што і нарадзіўся пад Варшавай. Усё сваё жыццё ён быў адраджальнікам ВКЛ, звяртаўся да розных імператараў свету. Мэта ў яго была адна – адраджэнне Бацькаўшчыны.
Гісторык Леанід Несцярчук працаваў у бібліятэцы Ватыкана, архівах Рыма і Фларэнцыі, музеі Адама Міцкевіча ў Парыжы. У аснову кнігі ўвайшло больш за 600 крыніц.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота bk-brest.by