Lear: Гэта файная беларуская пляцоўка
Беларускі клуб у Варшаве “Scena Chmielna” завяршыў свой летні сезон. У гонар таго адбыўся канцэрт з удзелам спявачкі Lear і вакалісткі гурта Atesta Улі Паўловіч.
Планавалася, што імпрэза павінна была стаць апошняй на тэрасе ўстановы. Але ў апошні дзень у сувязі з дажджамі выступ быў перанесены ў сам клуб.
Дарэчы, Lear таксама выступала і на адкрыцці тэрасы: падзея адбылася ўлетку гэтага году. Цяпер жа – да фінальнай летняй кропкі – артыстка, акрамя “праверанага” матэрыяла, падрыхтавала і свежую кампазіцыю. Працягвае спявачка:
— Мая новая песня выйдзе ў лістападзе, яна называецца „свечка“, гэта мой самы любімы трэк. Я ўважаю яго дужа прыгожым, асабістым і шчырым. Мне прыемна, што людзі змогуць паслухаць гэтую песню да выхада.
РР: Цяпер вы выступаеце разам з Уляй з гурта Atesta. Ці перасякаліся вы раней?
— Мы ніколі не выступалі разам, але я была на ейных выступах. Мне заўжды дужа падабалася. Яна вельмі мілая дзяўчына, крута грае, класна спявае. Файная выканаўца.
РР: Сёння закрыццё летняй тэрасы. Чым адзначылася лета для цябе?
— Шчыра не магу нічога адказаць на гэтае пытанне. Усялякія імпрэзы, вечары з сябрамі.
РР: Ці ёсць сум з нагоды таго, што тэраса закрываецца?
— Ну гэта нармальна, потым увесну адкрыецца. Нічога страшнага.
РР: Я помню, што ты выступала і на адкрыцці гэтай тэрасы.
— Тады адкрылася новая беларуская пляцоўка. Тады была адкрытая толькі тэраса, цяпер працуе цэлы клуб. Гэта файная беларуская пляцоўка для сваіх імпрэзаў і каб прыемна правесці вечар. Усіх запрашаем.
«Таму да новых сустрэч на беларускай пляцоўцы ў Варшаве», – дадала Леар.
Беларускае Радыё Рацыя