Лепшую кнігу беларускай паэзіі назавуць анлайн



11 чэрвеня а 19.00 у сацсетках Беларускага ПЭН-цэнтра адбудзецца цырымонія ўручэння прэміі Наталлі Арсенневай за найлепшую беларускамоўную кнігу паэзіі 2019 года.

Гледачоў цырымоніі чакаюць выступы шорт-лістараў прэміі: Дануты Бічэль-Загнетавай з кнігай “Гускі вяртаюцца”, Вольгі Гапеевай са зборнікам “Чорныя макі” і Андрэя Хадановіча з кнігай “Школа травы”. Таксама ў анлайн-цырымоніі прымуць удзел прадстаўнікі арганізацый-заснавальнікаў прэміі: Беларускага ПЭН-цэнтра, Саюза Беларускіх пісьменнікаў і Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Лаўрэата прэміі абвесціць адзін з сябраў журы.

Пераможца атрымае грашовы прыз у 4000 беларускіх рублёў.

Літаратурная прэмія імя Наталлі Арсенневай ушаноўвае аўтара ці аўтарку найлепшай паэтычнай кнігі на беларускай мове. Арганізатары прэміі: Беларускі ПЭН-цэнтр, ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Узнагарода ўручаецца пры падтрымцы Фонда культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі.

Прэмія заснаваная ў гонар беларускай паэткі Наталлі Арсенневай (1903—1997) у 2017 годзе і ўручаецца за найлепшую паэтычную кнігу на беларускай мове. Лаўрэатамі прэміі былі Уладзімір Някляеў за зборнік паэзіі “Толькі вершы”, Алесь Разанаў за кнігу “Перавыбранае” і Марыя Мартысевіч за кнігу “Сарматыя”.