Лешак Шарэпка: Мова можа абараняць межы больш эфектыўна, чым танкі
Чацвёрты раз у Менску будзе ўручана прэмія імя Ежы Гедройца. Сярод яе заснавальнікаў былы амбасадар Рэспублікі Польшча ў Беларусі.
Па словах амбасадара Лешака Шарэпкі, ён рады, што прэмія становіцца адной з найбольш прэстыжных літаратурных узнагародаў Беларусі. І нездарма яна названая імем Ежы Гедройца – нараджэнца Менску, нашчадка літоўскга княжацкага роду, аднаго з самых вядомых польскіх публіцыстаў, палітыка ды мецэната літаратуры.
– Ідэі Ежы Гедройца, якія датычыліся адносін паміж Польшчай, Беларуссю і бліжэйшымі суседзямі на Усходзе, на шмат гадоў абумовілі кірункі знешняй палітыкі Польшчы. Да найбольш важных з іх трэба залічыць тэзіс пра неабходнасць падтрымкі нацыянальнага Адраджэння і суверэнітэту народаў з прасторы нашага ўсходняга суседства. Безумоўна, мову можна залічыць да сур’ёзных інструментаў, які кіруе самасвядомасцю народу. Часта мова можа абараняць межы больш эфектыўна, чым танкі.
“Беларуская літаратура заслугоўвае, каб ёю цікавіліся і ў поўнай меры карысталіся яе багаццямі і разнастайнасцямі”, – падкрэсліў Лешак Шарэпка.
Па яго словах, сёлета з амаль 60 прадстаўленых твораў для ўдзелу ў конкурсе адабрана 6 лепшых. У шорт ліст прэміі ўвайшлі творы беларускіх празаікаў Віктара Казько, Таццяны Барысік, Альгерда Бахарэвіча, Сяргея Дубаўца, Андрэя Гуцава і Антона Францішака Брыля. Імя пераможцы стане вядомае 1-га чэрвеня ўвечары.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя