Леся Пчолка: Менскія вуліцы сталі галоўнымі сведкамі падзеяў 2020 года
У гданьскай мастацкай галерэі Гюнтэра Грасса з’явіўся кавалачак менскай вуліцы, які лёгка пазнаецца па фрагментах гарадскіх асвятляльніх слупоў, аздобленых узорамі з васількоў. Тут працуе выстава вядомай мастачкі, даследчыцы і збіральніцы архіву найноўшай беларускай гісторыі Лесі Пчолкі.
Найбольш масавыя пратэсты 2020 года ў Беларусі адбываліся на менскіх вуліцах і вуліцы сталі сведкамі гэтых падзеяў, кажа Леся Пчолка.
– Мне, як мастачцы, было цікава падняць гэтую гісторыю, падкрэсліць, расказаць пра вуліцы, пра пратэсты на вуліцах, але без людзей. Людзі таксама ёсць, але ў такім ананімным і віртуальным выглядзе, як мы зараз і існуем – у ананімным і віртуальным свеце ці іншых краінах, а гэтыя сведкі гісторыі там застаюцца.
Выстава мае шмат камераў сачэння, якія ў наведнікаў ствараюць уражанне пільнага кантролю за імі. Мастачка ў такі спосаб імкнулася стварыць адчуванне небяспекі.
– Я планавала, што людзі, якія будуць прыходзіць на выставу, будуць адчуваць трохі небяспеку. Можна пабачыць сябе, і другія людзі могуць цябе пільнаваць, і ты з розных бакоў апынаешся ў адчуванні небяспекі.
Акрамя самой экспазіцыі на выставе можна пабачыць відэа з перформансам нямецкіх музыкаў, якія працавалі разам з Марыяй Калеснікавай, яны 20 хвілін чытаюць прозвішчы беларускіх палітвязняў.
Выстава Лесі Пчолкі ў гданьскай галерэі Гюнтэра Грасса будзе працаваць да 19 чэрвеня.
Беларускае Радыё Рацыя