Леў Сапега на паштоўках і канвертах



Найвыдатнейшы наш дзяржаўны, палітычны, ваенны дзеяч, канцлер Вялікага Княства Літоўскага, гарачы патрыёт сваёй Бацькаўшчыны, адзін з аўтараў Статута Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега (1557-1633) не так і часта трапляў на беларускія паштоўкі і канверты. Але ў апошні час і яго вобраз з’явіўся на некаторых выданнях.

Да 450-годдзя з дня нараджэння Льва Сапегі Нацыянальны музей гісторыі і культуры, Таварыства беларускай мовы і выдавецтва “Юніпак” у 2007 годзе выпусцілі паштоўку з выяваю вялікага канцлера. Паштоўка выйшла накладам 2000 асобнікаў.

Валерый Грыцук і Уладзімір Хільмановіч да юбілею Льва Сапегі ў 2007 годзе таксама парупіліся. Яны падрыхтавалі і выдалі паштоўку на якой адлюстраваны герб Пагоня, Статут ВКЛ і партрэт Льва Сапегі. З адваротнага боку паштоўкі напісаны біяграфія канцлера і яго заслугі перад нашай гісторыяй.

У 2008 годзе слонімцы Алесь Масюк і Сяргей Чыгрын выпусцілі паштоўку з партрэтамі Льва Сапегі, Міхала Казіміра Агінскага і Міхала Валовіча. На паштоўцы надрукаваны таксама і кароткія іх біяграфіі.

Парадавала беларусаў памяццю пра Сапегаў і рэспубліканскае прадпрыемства паштовай сувязі “Белпошта”. У 2006 годзе з друку выйшаў паштовы канверт на якім змешчаны палац Сапегаў у Ружанах. Аформіў канверт мастак Мікола Рыжы. А ў 2007 годзе Белпошта выпусціла яшчэ канверт з выяваю Льва Сапегі. Яго таксама прыгожа аздобіў Мікола Рыжы.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя Фотаздымкі з архіва аўтара