Ліда піша беларускую дыктоўку



Дом Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея не забывае пра свае традыцыі. Ужо не першы год у сценах Дома беларускага паэта праходзіць акцыя ў падтрымку роднай мовы, якая адбываецца ў Міжнародны дзень роднай мовы, 21 лютага. У межах акцыі праводзяцца канцэрты, гульні, забавы, выстаўкі, дзе сярод іх значнае месца займае напісанне дыктоўкі.

На гэты раз у Дом-музей сабраліся прыхільнікі роднай мовы, тыя, хто неабыякава ставіцца да яе пашырэння і развіцця. Гэта жыхары горада, паэты і супрацоўнікі Лідскага замка.

Для напісання дыктоўкі было выбрана 4 тэксты. У Доме Валянціна Таўлая вырашылі выкарыстаць успамін заходнебеларускага пісьменніка Анатоля Іверса “Ён адкрыў мне Беларусь”. У ім творца ўзгадвае пра сустрэчы з Янкам Купалам, якія адбыліся ў далёкім 1939 годзе ў верасні месяцы ў Слоніме, затым у лістападзе ў Менску. Падрабязней аўтар узгадвае пра сустрэчу з народным песняром у Лідзе 1940 года, калі Янка Купала прыязджаў як кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР. Тую сустрэчу арганізаваў Валянцін Таўлай – супрацоўнік газеты “Уперад”.

Тэкст чытаў па традыцыі навуковы супрацоўнік Дома Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея Алесь Хітрун.

Першае месца за напісанне дыктоўкі атрымаў галоўны рэдактар краязнаўчага, гісторыка-літаратурнага часопіса “Лідскі Летапісец”, пісьменнік Станіслаў Суднік. Другое месца было падзелена паміж паэткай Станіславай Белагаловай і музейным наглядальнікам (Лідскі замак) Янай Каспяровіч. Трэцяе месца занялі адміністратар Лідскага замка Аляксандра Бурч, музыка, удзельніца клуба “Актыўнае даўгалецце” Ядзвіга Кот, музейны наглядальнік (Лідскі замак) Іван Альшэўскі.

За ўдзел у падтрымку роднай мовы кожны атрымаў пэўнае кніжнае выданне “Збор твораў. Міхал Шымялевіч”, літаратурна-мастацкі зборнік №9 “Ад лідскіх муроў” за 2016-2019 гады, капыльскі літаратурны альманах №1 “Родныя пагоркі” і іншыя выданні і сувеніры.

20 лютага ў Лідскай трэцяй гарадской бібліятэцы таксама адбылася 15-я Агульнанацыянальная дыктоўка. У дыктоўцы прымалі ўдзел былыя актывісты ТБМ і прадстаўнікі творчай моладзі Ліды.

Пісалі тэкст Анатоля Іверса “Ён адкрыў мне Беларусь” пра Янку Купалу, у тым ліку і пра прыезд народнага песняра ў Ліду ў 1940 годзе. Чытала тэкст загадчыца філіяла Алена Папковіч.

Пасля дыктоўкі адбыўся невялікі канцэрт з удзелам барда Сержука Чарняка і гітарыста Арцёма Станчыка.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда

Фота аўтара