Лідар гурта „J:Moрс” Уладзімір Пугач заняўся выданнем беларускіх аўдыякніг
Лідар гурта „J:Moрс” Уладзімір Пугач заняўся выданнем беларускіх аўдыякніг. Пакуль агучана толькі тры: Вацлаў Ластоўскі „Кароткая гісторыя Беларусі”, Ігнацій Яцкоўскі „Аповесць з майго часу” і Ігнат Абдзіраловіч „Адвечным шляхам”.

Кнігі начытваў актор Алег Гарбуз, а таксама музыка Аляксандр Памідораў.
Выдавецтва назвалі Litaralna. Яно апісвае сябе як „каманда энтузіястаў, аб’яднаных важнай мэтай — захаваннем і папулярызацыяй беларускай моўнай спадчыны: літаратуры, перыёдыкі, значных помнікаў беларускай думкі”.

У планах каманды — агучыць і адлічбаваць значныя творы беларускай літаратуры, а таксама артыкулы са старых газет і часопісаў, заканадаўчых актаў і апублікаваных прыватных лістоў. Акрамя таго выдавецтва зацікаўленае ў творах сучасных.
